Як адзначаецца на афіцыйным сайце Міністэрства замежных справаў Украіны, Сыбіга заявіў гэта на міністэрскай сустрэчы «Беларусь: саўдзельніца вайны Расеі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бясьпецы», у якой узялі ўдзел прадстаўнікі эўрапейскіх структураў, замежнапалітычных ведамстваў Ірляндыі, Польшчы, Эстоніі, Швэцыі, а таксама Сьвятлана Ціханоўская і галоўны выканаўчы дырэктар Freedom House Джэймі Флай.
«Ціск на рэжымы ў Маскве і Менску будзе эфэктыўным толькі тады, калі ў ім ня будзе ніякіх выняткаў і кампрамісаў. Расейскія ракеты ня робяць выняткаў, калі забіваюць цывільных ва Ўкраіне. Таму ня можа быць выняткаў і ў ціску на іх — ані для расейскіх алігархаў, ані для беларускіх рэсурсаў», — заявіў Андрэй Сыбіга.
Міністэрская сустрэча на палях Генэральнай Асамблеі ААН з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай і кіраўніка МЗС Украіны Андрэя Сыбігі. Нью-Ёрк, 21 верасьня 2026 году
Кіраўнік МЗС Украіны падкрэсьліў, што Расея працягвае выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і рэсурсы Беларусі для сваёй агрэсіі. Беларусь, дадаў ён, пастаўляе кампанэнты і матэрыялы для расейскай ваеннай машыны, паглыбляе вайсковую інтэграцыю з Масквой, а беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы набываюць усё большае значэньне ў забесьпячэньні Расеі палівам.
«Рэжым у Менску неаддзельны ад рэжыму ў Маскве. Ён ня мае суб’ектнасьці. Таму ў нашай палітыцы датычна рэжыму Лукашэнкі не павінна быць ніякіх ілюзіяў ці спробаў выдаваць жаданае за сапраўднае», — адзначыў Андрэй Сыбіга.
Кіраўнік украінскай дыпляматыі зьвярнуў увагу на гібрыдныя пагрозы для іншых эўрапейскіх дзяржаваў ад рэжыму Лукашэнкі, у тым ліку выкарыстаньне міграцыі для дэстабілізацыі межаў Эўразьвязу і вайсковыя вучэньні паблізу Сувальскага калідору.
«Беларусь — саўдзельніца агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны. Мы зрабілі ўсе юрыдычныя крокі, каб забясьпечыць належнае прыцягненьне да адказнасьці. Лукашэнка і высокія адказныя асобы ягонага рэжыму мусяць паўстаць перад правасудзьдзем у Спэцыяльным трыбунале ў справе злачынства агрэсіі супраць Украіны гэтаксама, як Пуцін і ягоныя адказныя асобы», — заявіў Андрэй Сыбіга.
Міністар падкрэсьліў неабходнасьць выразна адрозьніваць рэжым Лукашэнкі ад беларускага народу, які прадэманстраваў сваю прагу да свабоды падчас падзеяў 2020 году. Ён выказаў удзячнасьць лідэрцы беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлане Ціханоўскай за падтрымку Ўкраіны і адзначыў узмацненьне дыялёгу Ўкраіны зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, піша сайт МЗС Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
На Жытоміршчыне расейскія войскі зьнішчаюць запраўкі і інфраструктуру. Два дроны заляцелі ў БеларусьШто яшчэ абмеркавалі на сустрэчы
Сьвятлана Ціханоўская ў сваім выступе і ў дыскусіі засяродзілася на некалькіх тэмах:
- рэпрэсіі й палітвязьні,
- транснацыянальныя рэпрэсіі,
- удзел рэжыму ў вайне супраць Украіны,
- санкцыі і міжнародная адказнасьць,
- Беларусь у парадку дня ААН.
Сьвятлана Ціханоўская на міністэрскай сустрэчы
«Наша мэта — зрабіць Беларусь незалежнай, дэмакратычнай, эўрапейскай краінай, якая будзе не пастаяннай пагрозай, а добрым, прадказальным партнэрам і суседам. Тое, што адбываецца ў Беларусі, не застаецца толькі ў Беларусі. Рэжым, які зьнішчае вяршэнства права ўнутры краіны, урэшце становіцца пагрозай і за яе межамі», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.
Яна, як і кіраўнік украінскай дыпляматыі, таксама заклікала захоўваць ціск на рэжым, падтрымліваць мэханізмы прыцягненьня да адказнасьці за саўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны і адначасова ізаляваць рэжым, але не беларусаў, для якіх варта захоўваць візы, стыпэндыі, праграмы мабільнасьці і падтрымку грамадзянскай супольнасьці.
Сьвятлана Ціханоўская зьвярнула ўвагу на тое, што асобныя вызваленьні палітвязьняў не прывялі да сыстэмных зьменаў, а рэпрэсіі працягваюцца і набываюць транснацыянальны характар — улады праводзяць завочныя суды, канфіскуюць маёмасьць, ціснуць на сваякоў.
Лідэрка дэмакратычных сілаў таксама заклікала выпрацаваць міжнародныя рашэньні для тых беларусаў, якія празь дзеяньні ўладаў засталіся без сапраўдных дакумэнтаў, і супрацьдзейнічаць палітычна матываванаму выкарыстаньню міжнародных мэханізмаў вышуку.
Сьвятлана Ціханоўская прапанавала працаваць над рэзалюцыяй аб Беларусі ў Генэральнай Асамблеі ААН, правесьці асобную сустрэчу на тэму транснацыянальных рэпрэсіяў, знайсьці міжнароднае разьвязаньне праблемы дакумэнтаў для беларусаў і працягваць падтрымку мэханізмаў ААН адносна Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская паехала ў Нью-Ёрк на Генасамблею ААНЧаму гэта важна
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
У падтрымку расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.
Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».
16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.