Паводле іх інфармацыі, справа, у межах якой затрымалі Дзенгалёва, зьвязаная з фінансамі. Дакладная сутнасьць прэтэнзіяў да былога чыноўніка, артыкул Крымінальнага кодэксу і ягоны працэсуальны статус пакуль невядомыя.
Таксама няясна, калі менавіта яго затрымалі. Апошнія публічныя згадкі Генадзя Дзенгалёва на пасадзе намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму датуюцца пачаткам жніўня 2025 году. 7 жніўня ён удзельнічаў ва ўрачыстасьцях да Дня будаўніка, а на 9 жніўня ў яго была заплянаваная прамая тэлефонная лінія. Пасьля гэтага Дзенгалёў фактычна зьнік з публічнай прасторы.
15 студзеня 2026 году на ягоную пасаду па пытаньнях будаўніцтва і ЖКГ быў узгоднены Ігар Клішо. Калі менавіта Дзенгалёў пакінуў пасаду, публічна не паведамлялася.
Хто такі Генадзь Дзенгалёў
Генадзь Дзенгалёў нарадзіўся ў 1973 годзе ў Бялынічах Магілёўскай вобласьці і большую частку кар’еры быў зьвязаны з будаўнічай галіной. Ён скончыў Магілёўскі будаўнічы тэхнікум, Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію, а таксама Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце.
У розныя гады працаваў у будаўнічых арганізацыях Магілёўшчыны, узначальваў «Магілёўхімрамонт», кіраваў УКБ Магілёўскага гарвыканкаму і Галоўным упраўленьнем капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. З 2015 году ўзначальваў «Мінскаблсельбуд».
У 2017 годзе Дзенгалёў узначаліў Барысаўскі райвыканкам. У траўні 2022 году яго ўзгаднілі на пасаду намесьніка старшыні Магілёўскага аблвыканкаму па пытаньнях будаўніцтва і ЖКГ. У студзені 2026 году на гэтую пасаду быў прызначаны Ігар Клішо.