Паводле жанчыны, 11 верасьня эстонскі суд пастанавіў вярнуць дзіця ў Беларусь. На абскарджаньне рашэньня адводзілася 15 дзён, а бацьку прапанавалі добраахвотна вярнуць дзяўчынку маці цягам 14 дзён пасьля таго, як рашэньне набудзе моц.
19 верасьня мужчына перадаў дачку Алене на мяжы зь Літвой, у пункце пропуску «Меднікі — Каменны Лог».
«Чатыры гадзіны пайшло на праходжаньне межаў. Чатыры гадзіны я чакала яе на беларускім баку. Усе казалі мне — ня вернуць! Ведалі б вы, як я змагалася ўсе гэтыя 2,5 месяца», — напісала Алена.
27 чэрвеня былы муж Алены, грамадзянін Эстоніі, забраў іхную чатырохгадовую дачку Дашу на сустрэчу і ў вызначаны час не вярнуў, піша «Люстэрка». Пазьней высьветлілася, што ён разам зь дзяўчынкай праз Расею выехаў у Эстонію. Гэта адбылося нягледзячы на рашэньне суду Пухавіцкага раёну, якое забараняла вывозіць дзіця зь Беларусі безь пісьмовай згоды маці.
Паводле Алены, пасьля зьнікненьня дачкі яна зьвярталася ў беларускія і расейскія ведамствы, а таксама ў паліцыю Эстоніі. 29 чэрвеня эстонскія праваахоўнікі паведамілі ёй, што дзяўчынка разам з бацькам уехала ў краіну. На пачатку ліпеня маці перадала дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі Беларусі, пасьля чаго пытаньне вяртаньня дзіцяці мела вырашацца ўжо з удзелам эстонскага боку