Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі апублікаваў сьвежую статыстыку шлюбаў і разводаў у краіне. Зь лічбаў вынікае, што за 2025 год у краіне зарэгістравалі 52 044 шлюбы і 34 813 разводаў. У параўнаньні з папярэднім годам вясельляў стала больш амаль на 6 тысяч.
Сярэдні ўзрост уступленьня ў шлюб для беларускай жанчыны — 26,7 года, а мужчыны — 29 гадоў.
У краіне вырасла колькасьць шлюбаў сярод людзей старэйшых за 65 гадоў. Летась замуж выйшлі 713 жанчын у такім веку і крыху больш за тысячу мужчын.
Летась у Беларусі знайшліся 1006 нявестаў з Расеі, якія выйшлі замуж за беларусаў. На другім месцы ўкраінкі, але іх толькі 148 чалавек. Такая ж велізарная адлегласьць дзеліць і расейскіх жаніхоў ад усіх астатніх. Летась 1029 беларусак абмяняліся пярсьцёнкамі з расейцамі, а на другім месцы сярод жаніхоў — туркі, іх 71 чалавек. Таксама сярод жаніхоў і нявестаў для беларусак і беларусаў адносна папулярныя Літва і Казахстан, там знашлося па некалькі дзясяткаў чалавек.
Найбольшая колькасьць разводаў прыходзіцца на шлюбы, аформленыя 1–4 гады таму, — 25,4%. Амаль столькі ж — 23,2% шлюбаў распадаюцца пасьля 5-9 гадоў. 2,8% шлюбаў не перажылі нават году.
Калі браць суадносіны разводаў да шлюбаў, дык у краіне на прыкладна 1,5 шлюба прыпадае адзін развод. Гэта рэкордныя лічбы. У 2019-м, да прыкладу, у Беларусі было 34 470 разводаў, статыстыка 2025 году паказвала 33 962 разводаў. За год адбылося павелічэньне лічбы амаль на 1000 разарваных шлюбаў, і гэта амаль на 400 скасаваных шлюбаў болей за згаданы 2019 год.
Форум