NEXTA назваў мэдыйнага палітыка нумар 1 у беларускай апазыцыі

Сьцяпан Пуціла

Стваральнік мэдыйнага рэсурсу NEXTA Сьцяпан Пуціла ў інтэрвію Дзьмітрыю Гурневічу адказаў на пытаньне, каго лічыць самым пасьпяховым у мэдыйным пляне палітыкам сярод беларускіх дэмакратычных сілаў.

Цалкам інтэрвію Сьцяпана Пуцілы праекту Радыё Свабода «Канапа».

«Думаю, што Павал Латушка. Ён праводзіць вельмі актыўную мэдыйную дзейнасьць. У яго вельмі шмат праглядаў. Ён, дарэчы, часам хайпуе больш, чым мы. У яго быў ролік „Сын Лукашенко отправится в армию“. Я нават спытаў свой беларускі адзьдзел: а чаму вы гэтага не далі? А ён клясна сумясьціў навіну пра дацкую прынцэсу, якая адпраўляецца ў войска. І ён экстрапаляваў гэта на беларускую прастору: а калі сын Лукашэнкі пойдзе ў войска? Латушка класна гэта адчувае. Крута, калі чалавек на адной хвалі з тым, што хвалюе людзей. Мне падаецца, што ён вельмі добра вядзе сваю мэдыйную дзейнасьць. Гэта не рэкляма, я кажу як ёсьць», — гаворыць стваральнік NEXTA.

Сьвятлана Ціханоўская, паводле Пуцілы, таксама стараецца праводзіць актыўную мэдыйную палітыку, але яе статус вымагае больш афіцыйных і фармальных заяваў.

«Яе акаўнт у Instagram называецца prezident. sveta, і там было і ёсьць шмат нефармальных рэчаў. Часам узьнікаюць і жарты. Блізка я не глядзеў, але варта гэта рабіць»,— кажа Пуціла.

Ён ставіць у прыклад новага прэзыдэнта Польшчы Караля Наўроцкага, які пачаў рабіць кантэнт з трэнажорнай залі.

«Я тут не ацэньваю, які ён чалавек, я кажу пра мэдыйную частку. Гэта мела ахопы, рэзананс. Безумоўна, варта гэта рабіць, бо ты тады пазнавальны ў сучасным сьвеце, калі ёсьць у сацыяльных сетках. Ты робіш нешта цікавае, і людзі цябе бачаць», — кажа Пуціла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сьцяпан Пуціла на «Канапе». Ці будзе NEXTA каардынаваць новыя пратэсты ў Беларусі?

Пра праект «Канапа»

«Канапа» — гэта ўтульныя інтэрвію Дзьмітрыя Гурневіча, дзе госьці разважаюць пра Беларусь і беларускасьць. І проста могуць быць сабой. Глядзіце на YouTube-канале Радыё Свабода.