У Беларусі па выніках 8 месяцаў 2026 году зафіксавалі рэзкі спад у будаўніцтве жыльля

Будаўніцтва жылога дому ў Менску. Архіўнае фота

У параўнаньні за аналягічным пэрыядам 2025 году спад склаў 271 тысячу квадратных мэтраў, ці 11%.

У студзені-жніўні 2026 г. арганізацыі ўсіх форм уласнасьці пабудавалі 19,6 тысячы новых кватэр. Увялі ў эксплюатацыю 2 млн. 45 тыс. квадратных мэтраў агульнай плошчы, паведаміў Белстат.

Летась па выніках за 8 месяцаў 2025 году Белстат паведамляў, што пабудавалі 2 млн. 316 тыс. квадратных мэтраў жытла, увялі ў эксплюатацыю 24,1 тысячы новых кватэр.

Такім чынам, падзеньне ў параўнаньні за аналягічным пэрыядам 2025 году складае 271 тысячу квадратных мэтраў, ці 11%.

Чаму гэта важна

Падзеньне будаўніцтва жыльля азначае для пакупнікоў больш высокія цэны кватэр, бо прапанова жыльля скарачаецца. Для эканомікі гэта азначае звальненьне супрацоўнікаў у будаўніцтве і сумежных галінах, скарачэньне падаткаў, падзеньне валавага ўнутранага прадукту. Доля будаўніцтва ў ВУП Беларусі складае 6,4%, у ім працуе 138 тысяч працаўнікоў.

Разам з тым, паводле Белстату, у чаргу на жыльлё ў Беларусі на канец 2025 году запісаныя 541,7 тысячы чалавек.

Каб стаць у чаргу па льготны крэдыт, у Менску трэба мець меней за 10 квадратных мэтраў агульнай плошчы кватэры ці дому на чалавека, а ў рэгіёнах — меней за 15 мэтраў агульнай плошчы.

Будаўніцтва новага жыльля важнае ня толькі для падвышэньня якасьці жыцьця, гэта і моцны рухавік эканомікі, які падвышае попыт на будаўнічыя працы, матэрыялы, мэблю й іншыя патрэбныя навасёлам рэчы.

У 2027 годзе урад Беларусі плянуе павялічыць будаўніцтва жыльля да каля 4 млн квадратных мэтраў, зь іх амаль мільён — арэнднага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Урад агучыў эканамічныя пляны на 2027 год: рост даходаў насельніцтва запаволіцца

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка абвясьціў распродаж «домікаў на сяле», у якія ўклаў мільярды, — магчымыя зьніжкі да адной базавайУрад агучыў эканамічныя пляны на 2027 год: рост даходаў насельніцтва запаволіццаМенск зноў пашырыцца. Раней улады абяцалі разьвіваць гарады-спадарожнікі замест пашырэньня сталіцы