Як паведаміла выданьне DW, Фрыдрых Мэрц назваў «катастрофай» вынікі зямельных выбараў у Мэкленбургу — Пярэдняй Памераніі і Бэрліне. Гэтую заяву ён зрабіў яшчэ да таго, як стала вядома, што Хрысьціянска-дэмакратычны саюз (CDU) упершыню ў гісторыі ня будуць прадстаўленыя ў адным зь зямельных парлямэнтаў.
У Мэкленбургу — Пярэдняй Памераніі CDU атрымала толькі 4,9 % замест неабходных 5 %. На першае месца, як і ў Саксоніі-Анхальт, выйшла ультраправая «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (AfD). У Бэрліне перамагла Левая партыя, хрысьціянскія дэмакраты занялі другое месца, але AfD атрымала не на шмат менш.
«Так кепска CDU не выступала ніколі. Тым ня менш Мэрц пасьля завяршэньня выбараў заявіў аб намеры працягнуць рэформы, выяўляючы «цьвёрдасьць духу, стойкасьць і цярпеньне», і адпрэчыў чуткі аб магчымай адстаўцы з пасады канцлера, якія сталі актыўна цыркуляваць пасьля перамогі AfD у Саксоніі-Анхальт», — адзначыла выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ультраправая «Альтэрнатыва для Нямеччыны» перамагае на выбарах у Саксоніі-Ангальт. Першыя рэакцыіШто верасьнёўскія зямельныя выбары азначаюць для ўраду
Паводле крыніц выданьняў Die Zeit і Table.Briefings, тэкст звароту, які неўзабаве пасьля завяршэньня выбараў зачытаў Фрыдрых Мэрц, быў падрыхтаваны загадзя. Гэта можа сьведчыць аб тым, што палітык вырашыў захаваць за сабой пасады канцлера і старшыні CDU незалежна ад вынікаў. Зрэшты, аднаго толькі рашэньня Мэрца недастаткова — яму таксама неабходна падтрымка як мінімум уласнай партыі.
16 верасьня кіраўнікі ўрадаў васьмі фэдэральных земляў ад блёку CDU/CSU апублікавалі ліст, у якім заявілі, што «Нямеччыне патрэбныя надзейнасьць і рашучыя дзеяньні», а не «дыскусіі аб кадрах». Яны падкрэсьлілі, што «стабільная і моцная Нямеччына» патрэбная Эўразьвязу, улічваючы, што налета выбары пройдуць адразу ў некалькіх краінах: Францыі, Італіі, Гішпаніі, Польшчы і Грэцыі. Але гэты ліст не выглядае як акт безумоўнай падтрымкі — канцлера ў ім нават не назвалі па імені.
Унутрыпартыйная дыскусія, імаверна, працягнецца ў найбліжэйшыя дні.