Ціханоўская паехала ў Нью-Ёрк на Генасамблею ААН

Сьвятлана Ціханоўская

Дэмакратычная лідарка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская выправілася ў Нью-Ёрк, дзе возьме ўдзел у мерапрыемствах тыдня высокага ўзроўню Генэральнай Асамблеі ААН. Пра гэта яна паведаміла ў сваім тэлеграм-канале 20 верасьня, піша Позірк.

Паводле Ціханоўскай, у Нью-Ёрку ў яе заплянаваныя шматлікія сустрэчы з прадстаўнікамі розных краінаў. Яна зьбіраецца абмяркоўваць вызваленьне палітвязьняў, падтрымку беларусаў, а таксама бясьпеку і незалежнасьць Беларусі.

«Калі сьвет абмяркоўвае будучыню нашага рэгіёну, Беларусь ня можа заставацца проста радком побач з Расеяй. У нас ёсьць свой голас і свае інтарэсы», — падкрэсьліла Ціханоўская.

21 верасьня ў межах тыдня высокага ўзроўню Генасамблеі ААН заплянаванае міністэрскае мерапрыемства, прысьвечанае пагрозам, якія Беларусь стварае для рэгіянальнай і міжнароднай бясьпекі.

Яго арганізуюць Эўразьвяз і Латвія разам з Эстоніяй, Ірляндыяй, Літвой, Польшчай, Швэцыяй і Ўкраінай.

Удзельнікі абмяркуюць, сярод іншага, уплыў палітыкі ўладаў Аляксандра Лукашэнкі на бясьпеку, а таксама транснацыянальныя рэпрэсіі супраць беларусаў за мяжой.

У мерапрыемстве чакаецца ўдзел кіраўнікоў і прадстаўнікоў замежнапалітычных ведамстваў эўрапейскіх краінаў. У яго рамках таксама заплянаваны брыфінг Сьвятланы Ціханоўскай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Генэрал NATO пра рэакцыю на магчымую агрэсію Расеі: «Вайскоўцы, сыстэма, зброя — усё гатова»