Паводле ўкраінскага боку, чатыры рэтрансьлятары ў Гомельскай вобласьці аднавілі працу ў верасьні. Яны павялічваюць далёкасьць палёту БПЛА і дазваляюць кіраваць імі ў рэжыме рэальнага часу, піша «Позірк».
У Кіеве сьцьвярджаюць, што з іх дапамогай 13 верасьня былі атакаваныя ўкраінскія цягнікі і заправачныя станцыі каля польскай мяжы.
На думку Чарнагора, нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі на сёньня не чакаецца. «Паводле нашых зьвестак, вялікага сканцэнтраваньня войскаў няма і, умоўна кажучы, паўтарэньня падзеяў 2022 году ў найбліжэйшы час ня будзе. Але гэта не азначае, што Беларусь перастала быць пагрозай для Ўкраіны», — падкрэсьліў ён.
17 верасьня ўкраінскі маніторынгавы канал єРадар паведаміў, што на працягу мінулага і гэтага тыдняў на тэрыторыі Беларусі — у раёне гораду Хойнікі, аграгарадку Махнавічы, а таксама вёсак Дэрбінка і Буда-Сафіеўка (усе ў Гомельскай вобласьці) — была выяўленая праца адразу чатырох рэтрансьлятараў для сувязі і кіраваньня рэактыўнымі БПЛА.