Сьвятлана Ціханоўская напісала калёнку для выданьня «Люстэрка», расказваючы пра нябачную працу жанчын і хваробу свайго сына.
Сын Карней ня чуў ад наражэньня. Апэрацыю яму зрабілі даволі позна, страціўшы нямала часу. І наступныя дзесяць гадоў Сьвятлана Ціханоўская прысьвяціла рэабілітацыі сына.
«Я памятаю гэты час безвыходнасьці, калі ты задаешся процьмай пытаньняў: чаму гэта здарылася з намі, я нічога ня ўмею, нічога ня ведаю, мусіць, мы ніколі не рэабілітуемся, ён ніколі не загаворыць. Але кожны дзень займалася зь ім і з адмыслоўцам, разумеючы, што гэта зараз мая праца і я цалкам выкладаюся».
Мэдыцынская частка — гэта калі трэба было кожныя два гады праходзіць усіх лекараў для пацьверджаньня інваліднасьці. А рэабілітацыя — бясконцыя заняткі: пяць дзён на тыдзень па дзьве гадзіны з сурдапэдагогам і дэфэктолягам, я была зь ім. Але на гэтым мая праца не сканчалася: я прыходзіла дадому і працягвала займацца гукамі, словамі — выклікаць гукі, гукаперайманьні, словы, сказы і гэтак далей».
Усё гэта прывяло да таго, што цяпер сын гаворыць няспынна, ён здаровы.
Пра нябачную працу
Як і ў выпадку з рэабілітацыяй сына, так і ў палітыцы Сьвятлана Ціханоўская бачыць шмат зьняцэньваньня намаганьняў. На тое, каб у Швэцыі ў беларусаў пачалі прымаць пратэрмінаваныя дакумэнты, пайшло тры гады высілкаў. Але шмат хто працягвае закідаць ёй тое, што ня ўсе краіны ахвяруюць грошы, не паўсюль удалося дамовіцца наконт дакумэнтаў. Гэта адбываецца праз тое, лічыць Ціханоўская, што людзі пераважна не заўважаюць нябачнага боку справы, гэтай самай цяжкой працы ў канкрэтным кірунку.
«Усе жанчыны робяць гэтую нябачную працу. Журналістка, якая дасягнула посьпеху. Глядзяць: клясная прафэсіяналка, працуе. Ніхто ня ведае, што за гэтым посьпехам стаяць дзясяткі артыкулаў, якія нідзе не былі разьмешчаныя, ці трэба было аддаваць іх не туды, куды хацелася б, каб хоць неяк напрацоўваць досьвед. І, магчыма, чалавек ужо быў на мяжы страты веры ў сябе.
Жанчына бізнэсу. Магчыма, многія не ўсьведамляюць, колькі бяссонных начэй, недаяданьня, немагчымасьці правесьці час зь сям’ёй, падарыць увагу родным, пазычаньня грошай у кагосьці, з кім наогул ня хочацца мець зносінаў. На такую жанчыну глядзяць: „Прыгожая, выдатная, са сваім бізнэсам — пашанцавала“».
Падобнае зьняцэньваньне чужых намаганьняў часта вядзе да таго, што сам чалавек пачынае думаць, што нічога асаблівага ён для посьпеху не зрабіў.
Пра абарону жанчын
На дзяржаўным узроўні жанчынам павінны даваць больш магчымасьцяў для прафэсійнага росту, мяркуе Ціханоўская. У некаторых краінах, напрыклад, на заканадаўчым узроўні прадугледжана, што тата павінен браць адпачынак па доглядзе дзіцяці, пакуль маці працуе. Каб тата на сабе гэта адчуў.
«Трэба праводзіць палітыку падтрымкі жанчын унутры краіны: больш працаваць над тым, каб не было хатняга гвалту, каб мужчыны разумелі сваю адказнасьць за гэта. Каб жанчыны самі паступова вучыліся сябе шанаваць.
А вучышся сябе шанаваць, калі ты абароненая. Калі разумееш, што з кожнай сытуацыі ў цябе ёсьць выйсьце, што табе заўсёды акажуць дапамогу — і ня нехта заданаціць, а дапамога на дзяржаўным узроўні».
На заканчэньне свайго тэксту Сьвятлана Ціханоўская папрасіла жанчын не зьняцэньваць таго, чаго яны ўжо дасягнулі, і не даваць рабіць гэта іншым.