За мяжой дзейнічаюць каля 50 беларускіх незалежных СМІ. Як яны зьберагаюць сваю аўдыторыю

На канфэрэнцыі БАЖ у Вільні

У Вільні адбылася канфэрэнцыя, прысьвечаная праблемам беларускіх мэдыя ў выгнаньні.

Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), экспэрты і грамадзкія дзеячы абмеркавалі праблемы якасьці СМІ, захаваньня даверу да незалежных мэдый як сярод дыяспары, гэтак і ўнутры Беларусі, стандарты працы ўва ўмовах выкарыстаньня штучнага інтэлекту.

Больш за 50 інфармацыйных крыніц, якія называюць сябе беларускімі мэдыямі, дзейнічаюць цяпер за межамі Беларусі, паводле зьвестак БАЖ.

Як сьцьвярджае экспэрт Паўлюк Быкоўскі, які прэзэнтаваў прысьвечанае незалежным мэдыям дасьледаваньне Press Club Belarus, зробленае на зьвестках 13 найбуйнейшых беларускіх незалежных СМІ, з 2025 году амаль на 40% вырасла іх аўдыторыя. Але ці захоўваюць яны доступ да беларусаў унутры краіны, ці маюць зь імі зваротную сувязь і ў якой ступені ўплываюць на становішча ў Беларусі?

Паводле дасьледнікаў Press Club Belarus, асабліва пасьпяхова працуюць незалежныя СМІ празь сеткавыя каналы. Прыкладам, праз ТікТок ахоплена 6 мільёнаў карыстальнікаў зь Беларусі, празь YouTube — 3 мільёны, Instagram — 1,9 мільёнаў.

Журналіст Барыс Гарэцкі

У час рэпрэсій колькасьць праглядаў нават павялічылася, вызначылі дасьледнікі. Рост праглядаў склаў 168 мільёны праглядаў з 2025 году. У беларускім YouTube рухавіком росту сталі кароткія відэа, якіх стала болей ў чатыры разы.

«Наагул можна зрабіць выснову, што рэдакцыі адаптаваліся на новых умовах. 13 рэдакцый стварылі сетку з 133 старонак. У тым ліку маюць рэзэрвовыя, што дазваляе не спыняць працы пры сама нечаканых умовах», — сказаў экспэрт Паўлюк Быкоўскі.

Існуе вялікі запыт на незалежную інфармацыю

Паводле дасьледнікаў у Беларусі, дзе закрытыя незалежныя мэдыя, запыт менавіта на навіны ад незалежных СМІ застаецца высокім. 31,9% гарадзкога насельніцтва ўва ўзросьце 18-65 гадоў кажуць, што яны чытаюць незалежныя мэдыя, гаворыць Паўлюк Быкоўскі. Паводле яго, спажыўцы незалежных мэдыя ў Беларусі лепш ведаюць пра важныя падзеі ў самой Беларусі, чым тыя, хто спажывае зьмесьціва толькі дзяржаўных мэдыя.

Паўлюк Быкоўскі

Прыклад красамоўны: пра падзеньне вайсковых бесьпілётнікаў на тэрыторыі Беларусі ведалі 35% спажыўцоў дзяржаўных мэдый, а тых, хто чытае незалежныя СМІ, амаль удвая больш — 59%.

«Праэўрапейская арыентацыя больш выразная ў аўдыторыі незалежных СМІ», — кажа экспэрт на падставе дасьледаваньня рэспандэнтаў у Беларусі.

Яшчэ адна важная заўвага — 92% ляяльных незалежным мэдыям аўдыторыі не падтрымліваюць вайну ўва Ўкраіне, у той час 67% аўдыторыі, ляяльнай дзяржаўным мэдыям, падтрымліваюць агрэсію Расеі.

«Беларускія незалежныя СМІ ў выгнаньні — частка інфармацыйнай бясьпекі Беларусі і рэгіёну», — лічаць аўтары дасьледваньня «Незалежныя СМІ ў Беларусі 2025-2026».

«Нас перадрукоўваюць „НН“ і „Люстэрка“»

Галоўны рэдактар «BG Media», берасьцейскі журналіст Віктар Марчук сказаў пра тое, як працуе ў выгнаньні рэдакцыя, якая мусіла выехаць зь Берасьця яшчэ ў 2020 годзе. Зь мінулага году на 40% павялічыліся прагляды каналаў.

«Цікавую інфармацыю найперш шукаюць ў мясцовых СМІ і сацсетках», — сказаў Віктар Марчук.

Віктар Марчук

Таксама ён расказаў пра зваротную сувязь паміж рэдакцыяй «BG Media» і чытачамі. Паводле галоўнага рэдактара, здаралася, што на публікацыю станоўча рэагавалі дзяржаўныя чыноўнікі і прадстаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама камэрцыйныя структуры.

«Не магу сьцьвярджаць, што менавіта нашыя публікацыі ўплываюць на зьмены ў Беларусі, але тое, што мы ўдзельнічаем ў гэтым — так. У тым ліку „Наша ніва“, „Люстэрка“ нас перадрукоўваюць, прычым з спасылкамі», — адзначыў Віктар Марчук.

Паводле Віктара Марчука, празь 5 гадоў эміграцыі ягоная рэдакцыя вярнулася да той місіі, якой яны займаліся раней на Берасьцейшчыне.

«Мы дапамагаем нашым землякам разьвязваць праблемы. Бывае, што пачутае ў рэгіёнах — гэта жах, але мы дапамагаем зьмяншаць гэты жах», — паведаміў Віктар Марчук.

«Вельмі добра, што захавалася і беларуская мова»

Думкамі пра тое, як мэдыям у выгнаньні захаваць беларускую аўдыторыю падзялілася журналістка Ірына Слаўнікава, былая палітзьняволеная. Год таму пасьля вызваленьня яна са зьдзіўленьнем адзначыла, што «беларуская незалежная журналістыка ня зьнікла і ў новых умовах не разгубілася».

«Думала, што калі ўлады вырвуць беларускую журналістыку зь беларускай зямлі, дык яны яе зьнішчаць, але выявілася, што не. Сувязі засталіся. Беларускія мэдыя ў выгнаньні не ператварыліся ў мэдыя выключна для дыяспары», — мяркуе Ірына Слаўнікава.

Паводле Слаўнікавай, сувязі найперш падтрымдіваюцца праз сацыяльныя сеткі.

«Вельмі добра, што беларуская мова захавалася і шмат каналаў вядуцца па-беларуску. Моладзь працягвае нас глядзець, не зважаючы на пагрозу», — падзяліся назіраньнямі Ірына Слаўнікава.

Ірына Слаўнікава

Яна мяркуе, што незалежныя рэдакцыі знайшлі сваю «ўпакоўку» навінаў і шукаюць нават у міжнародных навінах беларускае зьмесьціва.

Былая палітзьняволеная паведаміла, што сама яна вярнулася ў прафэсію зусім нядаўна, 1 верасьня: «Мы мусім працаваць нягледзячы на рызыкі, на тое, вернемся мы ці ня вернемся».

Крытыка і цэнзура

Ад 50 да 60 незалежных беларускіх мэдыя дзейнічаюць за мяжой, лічбу падала БАЖ. За год амаль удвая, з 18 за 35, павялічылася колькасьць выданьняў, якія далучыліся да сыстэмы самарэгуляваньня ў пытаньнях мэдыяэтыцы.

Удзельнікі дыскусіі абмеркавалі пытаньні крытыкі і цэнзураваньня.

«Адны заклікаюць больш крытычна ставіцца да структур і офісаў, а з іншага боку гучаць заклікі да пэўнага цэнзураваньня: маўляў, чаго вы пра мяне пішаце, умешваецеся ў маю асабістую прастору», — паведаміў пра праблемы юрыст БАЖу Алег Агееў.

У час дыскусіі вакол гэтых тэмаў прагучала меркаваньне пра абавязковую адказнасьць за парушэньні правоў пэўнага чалавека з боку журналістаў і мэдыя, якія такое парушэньне ўчынілі. І таксама пра адказнасьць людзей перад журналістамі, якім яны нанесьлі шкоду.

«БАЖ дапамагае журналістам ў выгнаньні, у тым ліку ў выпадку судовай абароны іх правоў», — пацьвердзіў Алег Агееў.

Салідарнасьць з тымі, хто ў вязьніцах

Стала традыцыяй на падобных канфэрэнцыях БАЖ, а яны праходязць штогадова, максымум увагі надаваць журналістам, якіх улады працягваюць трымаць ў вязьніцах. Ім сёлета прысьвяцілі фотавыставу «Кропкі сувязі», разьмешчаную наўпрост ў залі, дзе праходзіла канфэрэнцыя.

Выстава каляжоў у падтрымку палітзьняволеных журналістаў

Па стане яшчэ на 16 верасьня БАЖ казаў пра 20 зьняволеных беларускіх журналістаў, але сёньня на стэндзе фотавыставы лічба 20 была зьмененая на 15. Гэта стала магчымым, бо 16 верасьня на волю выйшлі 5 беларускіх журналістаў. Два зь іх, Андрэй Аляксандраў і Дзьмітры Наважылаў, удзельнічалі ў мерапрыемстве, калегі віталі іх аплядысмэнтамі і словамі падтрымкі.

Выстава каляжоў у падтрымку палітзьняволеных журналістаў

Мэдыямэнэджэр Андрэй Аляксандраў адбыў у няволі больш за 5,5 гадоў. Андрэй павітаў удзельнікаў, падзякаваў за салідарнасьць і падтрымку, якую адчуваў нават у наваполацкай калёніі, куды, як ён паведаміў, да яго даходзілі зьвесткі пра тое, што беларуская незалежная журналістыка працягвае існаваць і працаваць, хай і ў замежжы.

«Цешыла, што людзі працуюць, справа працягваецца, можна было спакойна зьбіваць паддоны. Такія былі абставіны, але мы мацнейшыя за абставіны».

«Не ўяўляеце, як я рады вас усіх тут бачыць! Вы цудоўныя!» — зьвярнуўся да калегаў Дзьмітры Наважылаў, былы дырэктар БелаПАН, які адбыў за кратамі больш за 5 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вызвалены з турмы мэдыямэнэджар Аляксандраў на канфэрэнцыі БАЖ: беларуская журналістыка працягваецца