37 краін АБСЭ заклікалі ўлады Беларусі вызваліць усіх палітвязьняў і спыніць рэпрэсіі

Сымболіка АБСЭ. Ілюстрацыйнае фота

Аўтары таксама заявілі, што Беларусь не выконвае міжнародныя абавязацельствы ў сфэры правоў чалавека і абавязацельствы ў рамках АБСЭ.

37 краін — удзельніц Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) заклікалі ўлады Беларусі «неадкладна і безумоўна» вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных, а таксама спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і апазыцыі.

Сумесную заяву 17 верасьня на пасяджэньні АБСЭ абвясьціў сталы прадстаўнік Даніі Крыстыян Енсэн.

Заяву ад імя нефармальнай групы сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЭ падтрымалі Бэльгія, Баўгарыя, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірляндыя, Ісляндыя, Іспанія, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Люксэмбург, Нідэрлянды, Нарвэгія, Польшча, Партугалія, Румынія, Славаччына, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швэцыя і Эстонія.

Да заявы таксама далучыліся Аўстрыя, Альбанія, Ліхтэнштэйн, Мальта, Малдова, Сан-Марына, Паўночная Македонія.

«Шэсьць гадоў таму, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, народ Беларусі выступіў за дэмакратыю, мірна пратэстуючы супраць сфальсыфікаванага выніку, які здрадзіў іх давер і дэмакратычныя памкненьні», — гаворыцца ў заяве.

Аўтары адзначылі, што ў наступныя гады беларускія ўлады «працягвалі сыстэматычна душыць асноўныя свабоды і перасьледаваць тых, каго лічаць крытыкамі ўладаў».

«Паводле апошняга дакладу спэцыяльнага дакладчыка ААН, адвольныя затрыманьні і палітычна матываваныя крымінальныя перасьледы застаюцца шырока распаўсюджанымі, а заканадаўства аб экстрэмізьме і барацьбе з тэрарызмам працягвае выкарыстоўвацца для крыміналізацыі законнага ажыцьцяўленьня свабоды выказваньня меркаваньняў, свабоды аб’яднаньняў і мірных сходаў», — заявілі прадстаўнікі краін АБСЭ.

Праваабаронцы, журналісты, прадстаўнікі апазыцыі і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, адзначаецца ў заяве, працягваюць падвяргацца перасьледу.

«Транснацыянальныя рэпрэсіі ўсё часьцей накіраваныя супраць беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнаньні, і іх сем’яў», — гаворыцца ў дакумэнце.

Адзначаецца, што паводле зьвестак праваабарончага цэнтра «Вясна», як мінімум 10.016 чалавек падпалі пад крымінальны перасьлед з палітычных прычын з 2020 года. За апошні год колькасьць такіх спраў павялічылася прыкладна на 1.500. Усяго зафіксавана больш за 100.000 выпадкаў рэпрэсій, а цяпер у Беларусі налічваецца 886 палітычных зьняволеных.

Аўтары таксама заявілі, што Беларусь не выконвае міжнародныя абавязацельствы ў сфэры правоў чалавека і абавязацельствы ў рамках АБСЭ, у тым ліку зьвязаныя з правядзеньнем свабодных і справядлівых выбараў і своечасовым запрашэньнем назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ.

Асобна згадваецца падтрымка Беларусьсю вайны Расеі супраць Украіны, а таксама выкарыстаньне нелегальнай міграцыі і «гібрыдных дзеяньняў» супраць суседніх краін.

«Мы вітаем вызваленьне некалькіх сотняў палітычных зьняволеных, аднак па-ранейшаму глыбока занепакоеныя працягам палітычна матываваных арыштаў і крымінальных перасьледаў», — гаворыцца ў заяве.

Аўтары адзначылі, што колькасьць людзей, якія ўтрымліваюцца пад вартай па палітычных прычынах, зноў пачала расьці.

«Вызваленьне з турмы не абавязкова азначае спыненьне рэпрэсій», — падкрэсьлілі яны. Паводле іх слоў, былым палітычным зьняволеным пагражаюць высылка, пастаяннае сачэньне, абмежаваньні і рызыка новага крымінальнага перасьледу. Рэпрэсіі таксама ўсё часьцей распаўсюджваюцца на беларусаў, якія знаходзяцца ў выгнаньні, і іх сем’і.

Краіны выказалі глыбокую занепакоенасьць паведамленьнямі аб катаваньнях і іншых відах жорсткага, бесчалавечнага або зьневажаючага годнасьць абыходжаньня ў месцах утрыманьня пад вартай, уключаючы працяглую ізаляцыю і недастатковы доступ да мэдыцынскай дапамогі.

«Мы зноў заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных і заклікаем беларускія ўлады спыніць кампанію рэпрэсій. Адказныя за гэта павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці», — гаворыцца ў заяве.

Прадстаўнікі краін АБСЭ таксама падкрэсьлілі:

«Праз шэсьць гадоў мужнасьць і дэмакратычныя памкненьні беларускага народу застаюцца нязьменнымі. Мы цьвёрда падтрымліваем народ Беларусі ў яго імкненьні да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай краіны».

Што папярэднічала

16 верасьня па выніках перамоў у Менску спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі вызвалілі 25 палітвязьняў. Іх вывезьлі ў Літву.

У АБСЭ ўваходзіць 57 дзяржаў, уключаючы Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка пераконваў Джона Коўла, што палітвязьняў у Беларусі няма і няма патрэбы ў палітычным перасьледзе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Назаву хоць зайцамі». Пасланьнік Трампа патлумачыў, што трэба зрабіць, каб вызваліць новых палітвязьняў. ВІДЭА