Урад ЗША выключыў з санкцыйнага сьпісу дзьве беларускія кампаніі, пра якія казаў Джон Коўл у Менску

Кампанія Лакафарба

Упраўленьне па кантролі за зьнешнімі актывамі Мінфіна ЗША афіцыйна выключыла ААТ «Лакафарба» і канцэрн «Беллеспаперапрам» з санкцыйнага сьпісу.

Інфармацыя зьявілася на сайце Мінфіна ЗША 17 верасьня.

Аб зьняцьці санкцый з дзьвюх юрыдычных асоб у сераду 16 верасьня аб'явіў у Менску спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл.

Тады ж пасьля перамоваў Коўла з Лукашэнкам з беларускіх турмаў вызвалілі і вывезьлі ў Літву 25 палітвязьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Галоўныя дзяржкампаніі па вытворчасьці фарбаў і прадукцыі з дрэва. Расказваем, зь якіх прадпрыемстваў ЗША зьнялі санкцыі 16 верасьня

Што папярэднічала

Беларусь і ЗША ўзгаднілі прамежкавую дамову, заявіў 16 верасьня журналістам спэцыяльны пасланьнік ЗША па Беларусі Джон Коўл.

«У якасьці жэсту добрай волі Беларусь вызваліць 25 чалавек. Злучаныя Штаты ў сваю чаргу здымуць санкцыі з дзьвюх беларускіх кампаній — «Лакафарба» і «Беллеспаперапрам», — сказаў спэцпасланьнік ЗША.

Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл 16 верасьня паведаміў агенцтву Reuters, што плянуе зноў наведаць краіну прыкладна празь месяц, спадзеючыся дамагчыся вызваленьня яшчэ сотняў зьняволеных.

16 верасьня кіраўніцтва Беларусі пагадзілася вызваліць 25 зьняволеных у абмен на далейшае зьмякчэньне амэрыканскіх санкцый, бо Вашынгтон заклікае Аляксандра Лукашэнку вызваліць праваабаронцаў, грамадзкіх дзеячаў і іншых асоб.

«Я спадзяюся, што будуць вызваленыя сотні. Ня ведаю. Гэта мае спадзяваньні», — сказаў Коўл наконт свайго наступнага візыту ў Менск.

«Я ўпэўнены, што мы даможамся вызваленьня значна большай колькасьці людзей».

Спэцпрадстаўнік Трампа заявіў, што ўсе палітычныя вязьні ў Беларусі могуць быць вызваленыя да канца году.

Сярод вызваленых Дзьмітры Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Павал Белавус, Ірына Злобіна, Людміла Чэкіна, Яўген Юшкевіч, Яўген Бурло, Тацяна Кузіна, Яна Пінчук, Алесь Чумакоў, Кірыла Пазьняк, Сьвятлана Якубовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Назаву хоць зайцамі». Пасланьнік Трампа патлумачыў, што трэба зрабіць, каб вызваліць новых палітвязьняў. ВІДЭА