Стала вядома, у якіх краінах будуць жыць вывезеныя напярэдадні зь Беларусі палітвязьні

Ірына Злобіна і Андрэй Аляксандраў пасьля прыезду ў Вільню

Нягледзячы на тое, што праваабаронцы неаднаразова зьвярталі ўвагу на тое, што беларускіх палітвязьняў насуперак іх жаданьню вывозяць з краіны, пасьля новых перамоваў амэрыканскай дэлегацыі з Лукашэнкам палітзьняволеных зноў вывезьлі з краіны.

Прадстаўнік Офісу Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі расказаў, што ўвесь дзень 17 верасьня — наступны за вызваленьнем 25 палітычных зьняволеных зь беларускіх турмаў і прымусовым вывазам іх за мяжу — прайшоў у размовах з вызваленымі і дыпляматамі.

У кароткім звароце на відэа ён расказаў, што прадстаўнікі Офісу правялі дзень на сядзібе правабарончай арганізацыі Freedom House, а таксама ў прытулку для беларускіх палітвязьняў і ўцекачоў.

Кучынскі падзякаваў Паўлу Латушку і дыпляматам дзьвюх краін за дыпляматычную дапамогу і ўзгадненьне розных пытаньняў.

13 чалавек вырашылі застацца ў Літве. 10 паедуць у Польшчу. А 2 чалавекі з вызваленых вырашылі ехаць у іншую краіну, якой Кучынскі не назваў.

Палітвязьням яшчэ патрэбная будзе псыхалягічная і іншая дапамога.

Што папярэднічала

Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл 16 верасьня паведаміў агенцтву Reuters, што плянуе зноў наведаць краіну прыкладна празь месяц, спадзеючыся дамагчыся вызваленьня яшчэ сотняў зьняволеных.

16 верасьня кіраўніцтва Беларусі пагадзілася вызваліць 25 зьняволеных у абмен на далейшае зьмякчэньне амэрыканскіх санкцый, бо Вашынгтон заклікае Аляксандра Лукашэнку вызваліць праваабаронцаў, грамадзкіх дзеячаў і іншых асоб.

«Я спадзяюся, што будуць вызваленыя сотні. Ня ведаю. Гэта мае спадзяваньні», — сказаў Коўл наконт свайго наступнага візыту ў Менск.

«Я ўпэўнены, што мы даможамся вызваленьня значна большай колькасьці людзей».

Спэцпрадстаўнік Трампа заявіў, што ўсе палітычныя вязьні ў Беларусі могуць быць вызваленыя да канца году.

Ён таксама дадаў, што «прэзыдэнт Трамп вельмі задаволены гэтым».

На пытаньне, якія перашкоды яшчэ застаюцца на шляху ягонай дыпляматычнай працы, Коўл назваў войны ў Пэрсыдзкай затоцы і ва Ўкраіне.

«Паслухайце, калі б гэтых войнаў не было, мы б вызвалілі ўсіх ужо да наступнага аўторка. Але войны ўскладняюць працу нашага ўраду, ураду Беларусі і цяпер увогуле ўсіх у сьвеце», — сказаў ён.

Беларусь і ЗША ўзгаднілі прамежкавую дамову, заявіў 16 верасьня журналістам спэцыяльны пасланьнік ЗША па Беларусі Джон Коўл.

«У якасьці жэсту добрай волі Беларусь вызваліць 25 чалавек. Злучаныя Штаты ў сваю чаргу здымуць санкцыі з дзьвюх беларускіх кампаній — «Лакафарба» і «Беллеспаперапрам», — сказаў спэцпасланьнік ЗША.

Сярод вызваленых Дзьмітры Наважылаў, Андрэй Аляксандраў, Павал Белавус, Ірына Злобіна, Людміла Чэкіна, Яўген Юшкевіч, Яўген Бурло, Тацяна Кузіна, Яна Пінчук, Алесь Чумакоў, Кірыла Пазьняк, Сьвятлана Якубовіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля перамоваў Коўла і Лукашэнкі вызвалілі 25 беларускіх палітвязьняў, 4 зь іх без пашпартоў


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вызваленьне палітвязьняў, дэпартацыя ці экспатрыяцыя? Разьбіраемся, што адбылося. ВІДЭА