Пра гэта ў асобным спавешчаньні паведаміла 17 верасьня Місія ААН у маніторынгу правоў чалавека ўва Ўкраіне, піша ўкраінская служба Свабоды.
Місія пацьвердзіла, што за першыя восем месяцаў 2026 году ўва Ўкраіне забіта і паранена больш мірных жыхароў, чым за ўвесь 2025 год.
«Гэтыя напады накіраваныя на інфраструктуру, патрэбную для штодзённага жыцьця мірных жыхароў — месцы, дзе людзі купляюць прадукты харчаваньня, атрымліваюць пасылкі, робяць пакупкі і карыстаюцца паслугамі», — заявіла кіраўніца HRMMU Даніэль Бэль.
Яна дадала, што атакі адбываюцца ў той час, калі ахвяры і калецтвы сярод мірнага насельніцтва знаходзяцца на ўзроўні, якога не назіралася зь першых месяцаў паўнамаштабнага ўварваньня.
У жніўні місія задакумэнтавала 32 напады на аб’екты, якія належаць шасьці буйным украінскім харчовым, раздробным і лягістычным кампаніям у розных рэгіёнах Украіны, у параўнаньні з 11 нападамі на такія ж кампаніі ў ліпені.
Расейскія войскі таксама атакавалі запраўкі па ўсёй краіне і нанесьлі ўдар па гандлёвым цэнтры, паведаміла місія ААН.
Ці расьце лік ахвяр?
Так, расьце. Гэта пацьвярджаюць пададзеныя міжнароднай місіяй лічбы.
«На тэрыторыі, якая кантралюецца ўрадам Украіны, HRMMU пацьвердзіла, што ў жніўні ў выніку гвалту, зьвязанага з ваенным канфліктам, загінула ня менш за 368 мірных жыхароў і 2314 атрымалі раненьні», — паведаміла місія.
Місія адзначыла, што, хоць лічбы ў жніўні былі ніжэйшымі за ліпеньскія, вялікая колькасьць ахвяр у жніўні пацьвярджае тэндэнцыю значна больш высокіх лічбаў у 2026 годзе ў параўнаньні з папярэднімі трыма гадамі.
«Агульны лік пацьверджаных ахвяраў у жніўні (372 загінулых і 2349 параненых) была на 125% вышэй, чым у жніўні 2025 году (260 загінулых і 949 параненых)», — гаворыцца ў дакумэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскія войскі нанесьлі ракетна-дронавы ўдар па Кіеве, Адэсе і Запарожжы. У Растове пажар на вайсковым аэрадромеВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.