Расейскія войскі нанесьлі ракетна-дронавы ўдар па Кіеве, Адэсе і Запарожжы. У Растове пажар на вайсковым аэрадроме

Наступствы расейскага ўдару па Кіеве 16 верасьня. Ілюстрацыйнае фота

У ноч на 17 верасьня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну супрацькарабельнымі, балістычнымі і крылатымі ракетамі, 10 гібрыднымі дронамі «Бандэроль» і 157 бесьпілётнікамі тыпу Shahed. Асноўныя кірункі ўдараў — Кіеўская, Адэская і Запароская вобласьці.

Сілы супрацьпаветранай абароны не змаглі зьбіць ніводнай ракеты, але абясшкодзілі 7 ракет-дронаў «Бандэроль» і 124 бесьпілётнікаў Shahed. Пацэльваньне ракет зафіксавалі ў 36 месцах, яшчэ на 5 лякацыях упалі аскепкі зьбітых дронаў.

Ва Ўкраіне дзясяткі параненых, зьнішчаныя склады

Улады ўкраінскай сталіцы паведамілі, што расейскія войскі пацэлілі ў склады ў некалькіх раёнах Кіева, на левым беразе пасьля абстрэлаў перабоі з вадой, пашкоджаныя жылыя дамы. Сама меней 20 параненых, у тым ліку двое дзяцей.

Увечары 16 верасьня пацярпела памяшканьне, у якім знаходзілася студыя «Квартал 95», заснаваная Ўладзімірам Зяленскім, і дабрачынны фонд ягонай жонкі Алены.

Амаль усю ноч пад абстрэламі знаходзілася Адэская вобласьць. У абласным цэнтры расейскі дрон пацэліў у жылы дом — зьнішчаныя 10 кватэр на 14-16 паверхах, пашкоджаныя 11 аўтамабіляў. Пацярпелі сама меней тры чалавекі, у тым ліку чатырохгадовае дзіця.

У рэгіёне расейскія войскі пацэлілі ў прыватныя будынкі, дзіцячы садок, інтэрнат, рэстаран, а таксама складзкія і гаражныя памяшканьні — пацярпелі яшчэ 4 чалавекі.

У Запарожжы цэльлю ўдараў былі прамысловыя прадпрыемствы. Улады не ўдакладняюць наступствы гэтага ўдару. Вядома, што пацярпеў і жылы сэктар — сама меней тры чалавекі пацярпелі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусь становіцца закладніцай напружаньня, якое стварае Масква. Аналіз Валера Карбалевіча

Для ўдару па цягніку побач з Польшчай Расея выкарыстала рэтрансьлятары ў Беларусі

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што 13 верасьня расейскія войскі выкарысталі для дакладнага ўдару рэтрансьлятары на тэрыторыі Беларусі. Тады яны атакавалі аўтазапраўку і пасажырскі цягнік на чыгуначнай станцыі Ягадзін у Валынскай вобласьці, недалёка ад аднайменнага пункту пропуску на мяжы з Польшчай.

«Беларусь актыўна дапамагае Расеі ў абстрэлах тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку і рэтрансьлятарамі, якія ўключаюць на тэрыторыі Беларусі і падтрымліваюць сыгналы для расейскіх „шахедаў“ і „Гербер“, якія, уласна, заходзяць з тэрыторыі Расеі, а далей трымаюцца паблізу мяжы зь Беларусьсю, каб атрымліваць такі сыгнал і мець магчымасьць больш глыбока зайсьці на тэрыторыю Ўкраіны, у тым ліку на заходнія вобласьці: Ровеншчыну, Валынь, Львоўшчыну. І атака, напрыклад, у кірунку пункту пропуску „Ягадзін“ таксама ажыцьцяўлялася пры падтрымцы Беларусі», — працытавала Дземчанку дзяржаўнае агенцтва «Укрінформ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Над Украінай рой расейскіх дронаў. Яны зноў ляцяць празь Беларусь. На Жытоміршчыне два чалавекі загінулі

Украіна наносіць паўторныя ўдары па нафтавым сэктары Расеі

Украінскія і расейскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што ў ноч на 17 верасьня пад ударам апынуўся вайсковы аэрадром у Растове і нафтаперапрацоўчы завод у Яраслаўлі.

Удар па НПЗ у Яраслаўлі пацьвердзіў губэрнатар рэгіёну Міхаіл Яўраеў. «Сёньня адбівалі вялікую атаку варожых БПЛА. Зьбілі 65 бесьпілётнікаў. Ахвяр і пацярпелых няма. Ёсьць пашкоджаньне нафтаперапрацоўчага заводу. Ідзе апэратыўнае тушэньне ўзгараньня. Таксама аскепкі, якія ўпалі, выбітыя шыбы ў некалькіх шматкватэрных дамах, пашкоджаныя аўтамабілі», — паведаміў ён.

У Растове, паводле маніторынгавых каналаў, пацярпела «авіяцыя і інфраструктура вайсковай базы».

Улады Растоўскай вобласьці пацьвердзілі ўкраінскую атаку, але не ўдакладнілі месцы пацэльваньня.

Ва ўмовах вайны праверыць маштабы ўдараў Расеі па Ўкраіне і Ўкраіны па Расеі ў незалежных крыніцах немагчыма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.