Радыкальны крок гарадскія ўлады тлумачаць складанай сытуацыяй на ходніках: вузкія вуліцы гістарычнага цэнтру Горадні не спраўляліся з патокам хаатычна запаркаваных арандаваных самакатаў.
Акрамя таго, у шэрагу гарадзенцаў выклікала нараканьні манэра язды, рос лік здарэньняў, у прыватнасьці сутыкненьняў зь пешаходамі, паведаміў тэлеканал «Мір».
Мясцовыя ўлады пры гэтым не прымалі асобнай пастановы аб забароне.
«Усё значна прасьцей: не падпісаная дамова з пракатнікамі на арэнду плоскасных збудаваньняў», — растлумачыў начальнік аддзелу ідэалягічнай работы і ў справах моладзі Горадзенскага гарадзкога выканаўчага камітэту Аляксей Апановіч.
Гараджане, якіх апыталі журналісты каналу, успрымаюць навацыю неадназначна. Тыя, хто падтрымліваюць забарону, адзначаюць, што перамяшчацца па ходніках стала значна спакайней, чым дагэтуль. Пры гэтым рэгулярныя карыстальнікі пракатных самакатаў лічаць, што горад пазбавіўся зручнага і экалягічнага транспарту.
Забарона тычыцца выключна пракатнай тэхнікі — перасоўвацца па Горадні на асабістых электрасамакатах па-ранейшаму можна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Менску пачалі лавіць электрасамакатнікаў за перавышэньне хуткасьціЯк у іншых гарадах?
У Беларусі пасьля шэрагу здарэньняў зь пешаходамі і самакатнікамі за апошнія гады пачалі працаваць над бясьпекай перасоўваньняў на такім транспарце. Летась у краіне выйшлі новыя правілы дарожнага руху для кіроўцаў сродкаў пэрсанальнай мабільнасці.
Сярод іншага, людзі павінны сьпешыцца перад скрыжаваньнем з праезнай часткай. Таксама забаранілі езьдзіць на самакаце ўдвух, утрох і большай колькасьцю асоб — можна толькі аднаму чалавеку.
На самакатах можна рухацца дазволена на веласьцежках, пераяжджаючы на ходнікі толькі пры іх адсутнасьці.
Ганна Банадык, выканальніца абавязкаў начальніцы аддзяленьня галоўнай управы Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі МУС Беларусі, адзначыла, што сёлета адбылося зьніжэньне ДТЗ з удзелам самакатаў на 15%. У такіх здарэньнях бывае і гібель людзей: у 2025 годзе на дарогах з удзелам самакатаў загінулі тры чалавекі, сёлета адзін.