Склады, АЗС і парты. Якія аб’екты ва Ўкраіне атакавалі расейскія войскі

Пашкоджаная запраўка ў Кіеве ў выніку адной з апошніх атак расейскіх войскаў. Ілюстрацыйнае фота

У Расеі ад украінскіх удараў пацярпелі нафтаперапрацоўчы завод у Сызрані і авіярамонтнае прадпрыемства ў Таганрогу.

Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прапанаваў Расеі абвясьціць спыненьне агню па энэргетычных аб’ектах. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў, што Расея і Ўкраіна нібыта дасягнулі адпаведную дамоўленасьць. Аднак у Расеі з гэтай нагоды не было ніякай рэакцыі.

Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, на пытаньне журналістаў аб такой дамоўленасьці, паведаміў, што на нафтавым рынку пагаршаецца сытуацыя і зьвязана гэта з канфліктам на Блізкім Усходзе і забаронай Расеі на экспарт нафтапрадуктаў. Аб украінскіх ударах ён увогуле не згадаў.

У ноч на 15 верасьня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 200 ударнымі бесьпілётнікамі і дронамі-імітатарамі. Папярэдне сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі 187 апаратаў, пацэльваньні зафіксавалі на сямі лякацыях, яшчэ ў трох месцах выбухнулі аскепкі зьбітых дронаў. Начная атака не спынілася і раніцай.

Ва Ўкраіне зноў канстатавалі, што расейскія войскі выкарыстоўваюць для атак рэтрансьлятары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што Ўкраіна і Расея пагадзіліся не атакаваць аб’екты энэргетыкі

У Кіеве пацэлілі ў дзьве аўтазапраўкі, 8 чалавек пацярпелі

Паводле ўладаў, у Кіеве расейскія дроны або аскепкі зьбітых бесьпілётнікаў пашкодзілі дзьве АЗС, на адной зь іх пажар пасьпелі патушыць пры дапамозе агнятушыцеляў. На абдзьвюх запраўка пацярпелі па адным чалавеку. Пазьней стала вядома, што адзін зь іх памёр у лякарні.

Яшчэ ў двух раёнах у выніку пацэльваньня загарэліся нежылыя будынкі. Пажар на раніцу патушылі.

Увечары 14 верасьня сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка паведаміў, што ўлады Беларусі працягваюць дапамагаць Расеі наносіць удары бесьпілётнікамі па Ўкраіне. Паводле яго, расейскія бесьпілётнікі, якімі атакавалі заходнія рэгіёны — Ровенскую, Валынскую і Львоўскую вобласьці — атрымлівалі сыгналы з рэтрансьлятараў, што знаходзяцца на беларускай тэрыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Над Украінай рой расейскіх дронаў. Яны зноў ляцяць празь Беларусь. На Жытоміршчыне два чалавекі загінулі

У Адэскай вобласьці пацярпеў склад

Ад удару расейскіх войскаў у Адэскай вобласьці пашкоджаньні атрымалі тры прыватных будынкі, 10 гаражоў і аўтамабілі. Загарэўся склад. Аднак улады не ўдакладняюць, якая прадукцыя ў ім знаходзілася. Людзі не пацярпелі.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ў Адэскай вобласьці іхныя войскі пацэлілі ў лягістычны цэнтар у населеным пункце Вялікая Балка, дзе нібыта захоўваліся і разьмяркоўваліся вайсковыя грузы, якія Ўкраіна атрымлівае з-за мяжы. А ў парту Чарнаморска пацэлілі па марскім караблі і пароме, якія, паводле расейскага боку, таксама выкарыстоўвалі для дастаўкі грузаў для ўкраінскага войска.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьнішчальнік NATO зьбіў уначы ў паветранай прасторы Літвы дрон. Вільня рыхтуе ноту пратэсту на адрас Менску

На поўначы Ўкраіны шмат параненых

Улады Чарнігаўскай вобласьці паведамілі, што ў Прылуках у выніку расейскага ўдару гібрыднымі дронамі «Бандэроль» па складах сельсгаспрадпрыемства тры чалавекі загінулі і яшчэ 15 атрымалі раненьні. У горадзе таксама пашкоджаныя адміністрацыйны будынак, крамы, прыватныя і шматпавярховыя жылыя дамы, аўтамабілі.

У Карукаўскай грамадзе ў выніку абстрэлу пашкоджаны дом культуры.

У Сумскай вобласьці — сама меней 7 чалавек атрымалі раненьні. Найбольш ад абстрэлаў пацярпелі Сумскі і Шосткінскі раёны, зьнішчаныя прыватныя будынкі, аб’екты інфраструктуры і гаспадарчыя памяшканьні.

У Расеі пашкоджаныя нафтаперапрацоўчы завод і склад Ozon

Губэрнатар Самарскай вобласьці Вячаслаў Федарышчаў заявіў, што вайскоўцы і мабільныя агнявыя групы ўсю ноч зьбівалі ўкраінскія дроны. Паводле яго, усяго абясшкодзілі 40 бесьпілётнікаў.

«Ёсьць пашкоджаньні на адным з прамысловых прадпрыемстваў, а таксама некалькіх жылых аб’ектах (выбітыя шыбы). Вядзе працу апэраытўны штаб», — паведаміў ён. Губэрнатар не ўдакладніў, па якім прадпрыемстве ўкраінскія сілы нанесьлі ўдар.

Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што цэльлю быў нафтаперапрацоўчы завод. На адным са здымкаў можна пабачыць некалькі месцаў гарэньня ў кірунку гэтага заводу.

Губэрнатар Растоўскай вобласьці Юрый Слюсар заявіў, што ў выніку ўкраінскай атакі пашкоджаныя сельскагаспадарчыя склады, лягістычны цэнтар кампаніі Ozon, а таксама два шматкватэрныя і тры прыватныя жылыя будынкі, навучальная ўстанова, камэрцыйнае памяшканьне, газавая труб і прадуктовая крама.

Украінскія маніторынгавыя каналы сярод цэляў атакі назвалі авіяцыйны навукова-тэхнічны комплекс імя Бярыева ў Таганрогу, на якім рамантуюць і мадэрнізуюць вайсковыя самалёты.

Украінскія сілы пакуль не камэнтавалі гэтую інфармацыю.

Ва ўмовах вайны пацьвердзіць або зьняпраўдзіць інфармацыю, якую распаўсюджваюць абодва бакі, у незалежных крыніцах немагчыма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея атакавала Адэсу і заходнія вобласьці Ўкраіны. Украінскія дроны ўдарылі па НПЗ у Татарстане і Кубані

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.