Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джон Коўл у панядзелак 15 верасьня знаходзіцца з візытам у Беларусі.
Чакаецца, што Джон Коўл будзе дамаўляцца пра вызваленьне яшчэ адной групы беларускіх палітзьняволеных.
Перамовы пройдуць у Палацы Незалежнасьці, Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з прадстаўнікамі адміністрацыі Дональда Трампа.
На чале дэлегацыі — спэцпасланьнік Трампа па Беларусі Джон Коўл, прэм’ер Беларусі Аляксандр Турчын прыме ўдзел у перамовах, паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.
Лукашэнка заявіў, што запрасіў прыехаць прэм’ер-міністра, каб падрабязна распавёў аб выніках «мінулых кантактаў на практыцы».
Што папярэднічала
14 верасьня Джон Коўл у Вільні сустрэўся з міністрам замежных спраў Літвы Кястуцісам Будрысам. Бакі абмеркавалі вызваленьне беларускіх палітвязьняў, рэпрэсіі, якія працягваюцца, і падтрымку Менскам расейскай агрэсіі супраць Украіны, паведамляў МЗС Літвы.
Будрыс падкрэсьліў, што Літва працягне аказваць усю неабходную падтрымку гуманітарным намаганьням ЗША і вызваленым палітвязьням. Будрыс таксама падкрэсьліў, што Літва вітае кожны выпадак вызваленьня палітвязьня, але адзначыў, што агульная колькасьць палітвязьняў у краіне застаецца высокай, а рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці працягваюцца.
Будрыс апрача таго адзначыў, што Беларусь застаецца цесна інтэграванай у ваенную архітэктуру і сыстэму бясьпекі Расеі, працягвае падтрымліваць расейскую агрэсію супраць Украіны і спрыяе аказаньню ціску на Захад.
У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.
«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.
Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.
Дакладна вядома пра 646 вызваленых за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.
Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 году.
Дагэтуль некаторых палітвязьняў вызвалялі адмысловымі указамі Лукашэнкі (гэтак званымі памілаваньнямі), прымеркаванымі да пэўных датаў. Напрыклад, да афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня.
Палітычныя вязьні таксама выходзілі на волю, цалкам адбыўшы свае тэрміны зьняволеньня. У 2024 годзе ў выніку некалькіх хваляў памілаваньняў на свабоду выйшлі 227 чалавек. Пры гэтым па ўсёй краіне адбываліся новыя затрыманьні і прысуды з палітычных прычын.