Паводле агенцтва Reuters, пакуль паходжаньне дрону ня высьветлілі.
Агенцтва BNS удакладніла, што дрон зьбілі прыблізна за 80-85 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю — каля вёскі Праткунай.
Выданьне LRT з спасылкай на камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі Літвы Антанаса Матуціса паведаміла, што дрон імаверна нёс выбуховы зарад.
Да моманту зьбіцьця бесьпілётнік знаходзіўся ў паветранай прасторы Літвы прыблізна паўгадзіны. Паводле зьвестак Узброеных сіл Літвы, яго зьбілі прыблізна а 00:20. У гэтай мясцовасьці мала жылых дамоў і жыхароў, аднак побач знаходзіцца стратэгічны аб’ект — Круоніская гідраакумулюючая электрастанцыя.
Прыблізна аб 11:00 15 верасьня Віленскі аэрапорт зноў на паўгадзіны спыніў працу празь невядомы аб’ект. Яго цяпер спрабуюць ідэнтыфікаваць Вайскова-паветраныя сілы Літвы.
Вільня накіруе ў Менск ноту пратэсту
Міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што праз бесьпілётнік, якія заляцеў зь беларускай тэрыторыі, у Менск накіруюць ноту пратэсту. Апроч таго, Вільня плянуе правесьці кансультацыі з хаўрусьнікамі па NATO і Эўразьвязе.
«У кожным выпадку парушэньня паветранай прасторы — калі мы атрымліваем ад ВПС паведамленьне з указаньнем часу, месца, каардынатаў і характару падзеі — мы рыхтуем ноту і накіроўваем яе краіне, адкуль прыбыў лятальны апарат ці іншы аб’ект. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра Беларусь», — працытавала Будрыса выданьне LRT.
Паводле яго, пасьля завяршэньня расьсьледаваньня і вызначэньня на падставе аскепкаў, чый гэта быў бесьпілётнік — расейскі ці ўкраінскі, Вільня ўхваліць далейшыя крокі.
Перад гэтым паведамлялася, што ўлады Беларусі не паведамілі Літве аб дроне, які накіроўваўся ў кірунку літоўскай тэрыторыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Літве абвяшчалі паветраную трывогу праз меркаваны дрон, закрывалі аэрапортРасея ў ноч на 15 верасьня запусьціла па Ўкраіне 200 дронаў
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 200 ударнымі бесьпілётнікамі і дронамі-імітатарамі. Папярэдне сілы супрацьпаветранай абароны зьбілі 187 апаратаў, пацэльваньні зафіксавалі на сямі лякацыях, яшчэ ў трох месцах выбухнулі аскепкі зьбітых дронаў.
Украінскія маніторынгавыя каналы не паведамлялі, што ўначы дроны ляцелі празь Беларусь або заляталі на беларускую тэрыторыю. Апошні раз, гэта адбылося ў выходныя — 12 і 13 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Над Украінай рой расейскіх дронаў. Яны зноў ляцяць празь Беларусь. На Жытоміршчыне два чалавекі загінуліШто папярэднічала
У ноч на 13 верасьня ў Літве абвяшчалі «магчымую паветраную трывогу» (жоўты ўзровень небясьпекі) празь меркаваны дрон. Раніцай бесьпілётнік нібыта праляцеў над Літвой прыблізна 60 кілямэтраў і потым накіраваўся ў Калінінградзкую вобласьць, а па абедзе паведамілі, што прычынай трывогі стала зграя птушак. Аднак празь імаверную небясьпеку ў Вільні прыпыняў працу аэрапорт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусі падымалі авіяцыю праз расейскія гібрыдныя дроны «Бандэроль». Чым яны небясьпечныяЧаму гэта важна
21 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага Літвы ў Беларусі Эрыкаса Вілканецаса і заявілі яму рашучы пратэст праз тое, што, маўляў, Літва нічога не зрабіла, каб папярэдзіць пранікненьне на беларускую тэрыторыю ўкраінскага дрону, які першапачаткова накіроўваўся ў бок Расеі. У пратэсьце ішлося пра інцыдэнт, што нібыта меў месца 17 траўня.
У той жа час Беларусь нічога ня робіць з расейскімі дронамі, якія «ўваходзяць» ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі. Нават наадварот — раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прадстаўнікі Міністэрства абароны Ўкраіны заяўлялі, што Беларусь дапамагае Расеі накіроўваць яе дроны на ўкраінскія тэрыторыі.
Дзяржаўныя СМІ паведамляюць аб атаках украінскіх сіл па тэрыторыі Расеі, але ніколі не згадваюць, што расейскія дроны атакуюць Украіну праз тэрыторыю Беларусі і ў некаторых выпадках вяртаюцца на беларускую тэрыторыю пасьля абясшкоджваньня сродкамі радыёэлектроннай барацьбы Ўкраіны.
17 верасьня 2024 году Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што расейскія дроны залятаюць у Беларусь. Пазьней ён тлумачыў залёт БПЛА ў Беларусь недасьведчанасьцю апэратараў і казаў, што «некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расеі, і з боку Ўкраіны». Паводле Лукашэнкі, гэтыя пытаньні ў Беларусі вырашаюць «на ўзроўні спэцыялістаў, не выносячы ў публічнае поле». Такія дамоўленасьці, паводле Лукашэнкі, нібыта былі дасягнутыя з абодвума бакамі.
Зь ліпеня 2024 году рэсурсы, якія спэцыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сытуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварваньня ў паветраную прастору Беларусі бесьпілётнікаў, якімі Расея атакуе Ўкраіну. У ноч на 5 верасьня некалькі дронаў зьбілі над Гомлем, абломкі аднаго зь іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушанае прызнаць факт парушэньня мяжы дронамі, але не назвала, каму яны належалі.
Сёлета 22 жніўня ў Беларусь упершыню заляцеў гібрыдны дрон «Бандэроль», які ўпаў ў раёне мястэчка Капаткевічы Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Украінскія рэсурсы тады сьцьвярджалі, што ў яе закончылася паліва і яна ўпала ў полі. Улады Беларусі гэтую інфармацыю не камэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ад балёнаў да дрона: што стаіць за хваляй ціску Беларусі на Літву- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
- Раней расьсьледнікі заяўлялі, што больш за 100 беларускіх прадпрыемстваў выконваюць вайсковыя замовы Расеі.