Відэастаронка YouTube заблякавала канал СТВ у час жывой трансьляцыі праграмы «Па существу», прысьвечанай Дню народнага адзінства і пытаньням гістарычнай праўды, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
З інфармацыі аўтараў каналу, блякаваньне адбылося непасрэдна ў час этэру. Пры гэтым трансьляцыю працягнулі на альтэрнатыўных пляцоўках.
Насамрэч пры пошуку ў YouTube цяпер удаецца знайсьці толькі старыя выпускі праграмы «По существу».
Акрамя таго, YouTube заблякаваў каналы Першага каналу беларускага радыё, радыё «Культура» і радыё «Сталіца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Што страцілі дзяржаўныя СМІ праз выдаленьне сваіх YouTube-каналаў і колькі беларускіх падпісчыкаў яны меліРанейшыя блякаваньні СТВ і іншых каналаў
Папярэдні раз пра блякаваньне прапагандысцкага каналу ў Беларусі была інфармацыя 8 красавіка сёлета. Тады плятформа YouTube выдаліла новы канал СТВ, які стаў актыўна папаўняцца пасьля выдаленьня старога.
«YouTube-канал CTVBY быў выдалены праз санкцыі! Пры гэтым ЗАТ „Сталічнае тэлебачаньне“ і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная „дэмакратыя“ ў дзеяньні», — скардзіўся тады ў сацыяльных сетках тэлеканал СТВ.
А 3 красавіка YouTube выдаліў каналы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. Белтэлерадыёкампанія ў адказ прыгразіла прызнаць пляцоўку «экстрэмісцкай», але неўзабаве гэтая тэма больш шырока не ўзьнімалася.
СТВ у апошнія гады пераважна вядомы перадачамі Рыгора Азаронка, які ў сваіх этэрах доўга і ўрачыста хваліць палітыку Аляксандра Лукашэнкі, называе таго найлепшым кіраўніком на сьвеце, а заадно ганьбіць усіх, хто выступае супраць. У перадачы неаднаразова гучалі абразы ў бок беларускай мовы, асабістыя абразы на адрас палітычных вязьняў і ўцекачоў, а таксама ўхваленьне расейскай палітыкі.
- Пра палітычную цэнзуру кажуць прапагандысты рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які пасьля агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году цалкам зьнішчыў свабоду слова і выказваньняў у краіне. Усе незалежныя грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя «экстрэмісцкімі» і выціснутыя за мяжу. Незалежная журналістыка і яе спажываньне былі крыміналізаваныя. Дзясяткі беларускіх журналістаў і блогераў, сотні тых, хто чытаў незалежныя мэдыя, сталі палітычнымі вязьнямі, правялі гады за кратамі.
- Пасьля поўнамаштабнай вайсковай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 году прапагандысцкія афіцыйныя СМІ Беларусі пашыраюць расейскія наратывы, апраўдваюць злачынствы супраць чалавечнасьці, якія ўжо сталі прадметам разгляду ў Міжнародным крымінальным судзе. Бюджэтнае фінансаваньне на дзясяткі мільёнаў даляраў штогод яны маюць за кошт беларускіх падаткаплатнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прапагандысты рыхтуюцца прадаваць сувэніры з цытатай Лукашэнкі пра жанчынШто такое «Дзень народнага адзінства»?
Заблякаваная, паводле дзяржаўных СМІ, перадача на СТВ расказвала пра Дзень народнага адзінства, афіцыйна заснаваны Аляксандрам Лукашэнкам у 2021 годзе. Ён адзначаецца 17 верасьня, у дзень, калі злучыліся Ўсходняя і Заходняя Беларусь. Але ў гэтай даце ёсьць шмат акалічнасьцяў.
Акрамя злучэньня дзьвюх падзеленых на працягу 18 гадоў частак Беларусі гэтая дата ўбірае яшчэ й прыход савецкіх рэпрэсій у заходнюю частку Беларусі. У верасьні 1939 году Польскую дзяржаву гвалтоўна падзялілі паміж сабой гітлераўская Нямеччына і сталінскі СССР. 17 верасьня на яе заходнія тэрыторыі, то бок Заходнюю Беларусь і Заходнюю Ўкраіну, увайшла Чырвоная армія. Іх бальшавікі самыя аддалі Польшчы паводле Рыскай угоды 1921 году. У 1939-м разам з Чырвонай арміяй у Заходнюю Беларусь прыйшлі арышты, дэпартацыі і расстрэлы. Пра жаданьне беларускага народу не пыталі ні ў1921-м, ні 18 гадоў пазьней.
Улады ў Беларусі і дзяржаўныя мэдыя перад гэтым дзяржаўным сьвятам гавораць пра палянізацыю, выкрываюць іншыя праблемы, якія былі ў тагачаснай Польшчы. Але маўчаць пра расстрэлы і замену палянізацыі беларусаў яшчэ больш жорсткай і працяглай русыфікацыяй.