Тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі «Пул первого» анансаваў выпуск саколак з цытатай палітыка пра жанчын. У перакладзе на беларускую мову яна гучыць так: «Жанчына — галоўнае! Як яна скажа, так і мае быць!»
Таксама канал паведамляе, што гэта толькі пачатак новай сэрыі сувэнірнай прадукцыі.
Некалькі гадоў таму прэс-служба Лукашэнкі ўжо запускала сувэнірную прадукцыі зь ягонымі цытатамі і дзеля ягонай папулярызацыі. Тады адчынілі нават краму адпаведных тавараў, куды часта наведваліся розныя чыноўнікі, каб сфатаграфавацца і паказаць адданасьць дзяржаўнаму курсу. Асабліва папулярнай стала прадукцыя з выказваньнем «разьдзявайся і працуй». У асяродку праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі гэтае выказваньне стала мэмам для кпінаў.
Раней улады абвясьцілі 2026 год «Годам жанчыны». Сам Лукашэнка, гаворачы пра гэтую акцыю, адзначыў, што «нічога больш дасканалага прыродай ня створана». Улады шмат гавораць пра патрэбу падвысіць нараджальнасьць у краіне, а нядаўна заканадаўчым чынам забаранілі так званую «прапаганду бязьдзетнасьці».
Беларускія чыноўнікі часта спасылаюцца на працэнт жанчын у беларускай Палаце прадстаўнікоў. У цяперашнім скліканьні іх 32,4%. Паказьнік вышэйшы за сусьветны (26,5%).
Пры гэтым у выканаўчай уладзе, а гэта міністры, намесьнікі міністраў, кіраўніцтва дзяржаўных камітэтаў, Нацыянальны банк, Генэральная пракуратура — доля жанчын складае толькі 17%. А ў цяперашнім складзе Кабінэту міністраў увогуе няма ніводнай жанчыны.
Што ня так з годам жанчыны?
Ужо на самым пачатку «Году жанчыны» ў Камітэце ААН у пытаньнях ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын зарэгістравалі скаргу журналісткі Ларысы Шчыраковай. Яна паскардзілася на зьдзекі ў калёніі і прымусовы вываз за мяжу пасьля вызваленьня.
Ад Шчыраковай і іншых былых палітзьняволеных беларускае грамадзтва давелалася новыя падрабязнасьці абыходжаньня з жанчынамі за кратамі. На ліпень 2026 году ў турмах Беларусі знаходзяцца 856 чалавек, прызнаных уладамі палітыячнымі зьняволенымі. Сярод іх мноства жанчынаў, частка зь іх мае дзяцей.
Сярод праблемаў і выклікаў, зь якімі сутыкаюцца зьняволеныя з палітычных матываў жанчыны — мацярынства як інструмэнт ціску, вуаерызм. У лютым шэраг гэтых і іншых фактаў катаваньняў і зьдзекаў быў пералічаны ў адмысловай справаздачы, якую падрыхтавала праваабарончая арганізацыя Respect — Protect — Fulfill. У дакумэнтах пра дыскрымінацыю жанчын ва ўмовах несвабоды былі сьведчаньні 12 былых палітзьняволеных жанчынаў, якія дзяліліся сваімі гісторыямі.
Нягледзячы на высокія словы пра прыгажосьць і пяшчоту жанчыны, патрэбу падвышаць нараджальнасьць, рэжым Лукашэнкі працягвае ўтрымліваць многіх зь іх у нечалавечых умовах, катаваць холадам, карміць ежай безь вітамінаў, пазбаўляць спатканьняў і прагулак, доўга ўтрымліваць у штрафных ізалятарах і даваць цяжкую працу за кратамі.
Форум