З пачатку году Латвія спыніла 11 тысяч спробаў мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі

На мяжы Беларусі і Латвіі. Архіўнае фота

Латвія стала найбольш актыўным кірункам мігранцкага крызісу ў 2026 годзе.

Ад пачатку 2026 году Латвія прадухіліла 11.001 спробу мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі. Аб гэтым сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз рэгулярна публікаваных штодзённых зьвестак Дзяржаўнай памежнай аховы Латвіі.

На латвійскі ўчастак прыпала 84,9% усіх спыненых за восем месяцаў і трынаццаць дзён спробаў парушэньня мяжы Эўразьвязу зь Беларусьсю (на літоўскі ўчастак — 1.490, або 11,5%; польскі — 472, або 3,6%).

У 2025 годзе на долю Латвіі прыпадала 27,4% такіх спробаў (Літвы — 3,4%, Польшчы — 69,2%), у 2024-м — 14,2% (1,9%, 83,9%), у 2023-м — 26,8% (5,4%, 67,8%).

Да гэтага моманту нерэгулярныя мігранты бесьперапынна ідуць праз мяжу Беларусі з Латвіяй 173 дні запар (з 25 сакавіка).

11 жніўня Латвія распачала на мяжы спэцапэрацыю Vilkatis («Пярэварацень»). Мэтай было названае «істотнае скарачэньне колькасьці незаконных перасячэньняў мяжы і недапушчэньне іх у далейшым». Спачатку апэрацыю плянавалася завяршыць 1 верасьня, аднак тэрмін заканчэньня быў перанесены на 1 кастрычніка.

Чаму гэта важна

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 года. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Эўрасаюз праз Беларусь, бо тых туды нібыта «паклікалі», а сам ЭЗ «душыць» Менск санкцыямі.

Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаў Эўразьвязу разглядаюць нелегальную міграцыю церазь усходнюю мяжу як інструмэнт гібрыднага ціску.

Міністар унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава 11 жніўня заявіў, што арганізацыя плыняў нелегальнай міграцыі церазь беларуска-латвійскую мяжу — адна з формаў гібрыднай вайны. Ён таксама падкрэсьліў, што «Расея выкарыстоўвае Беларусь для гібрыдных атак», перадае Delfi.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памежнікі Латвіі выявілі яшчэ адзін тунэль на мяжы зь Беларусьсю, спынілі 28 мігрантаў

Што папярэднічала

З 31 ліпеня да 4 жніўня не працаваў апошні пункт пераходу мяжы Патэрніекі. А ўлады Латвіі абмяркоўвалі, ці не закрыць яго канчаткова, каб пераразьмеркаваць рэсурсы на ахову мяжы ад нелегальнай міграцыі. У выніку Патэрніекі адкрылі, адзначыўшы, што пры абвастрэньні сытуацыі на мяжы могуць закрыць яго зноў.

Як вынікае з статыстыкі, акурат на Латвію цяпер прыпадае найбольшая колькасьць спробаў нелегальнага пераходу мяжы. Напрыклад, 16 жніўня ў Літве было 29 такіх спробаў, а ў Латвіі — 109, паведаміў сайт літоўскіх памежнікаў.

Падкопы для перасячэньня мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ сталі выкарыстоўвацца зь верасьня 2025 году — тады прыйшлі першыя паведамленьні з Польшчы. Летась польскія памежнікі знайшлі чатыры тунэлі пад мяжой. Сёлета яны дапамагалі выяўляць тунэлі сваім літоўскім калегам. Памежная служба Літвы 5 жніўня паведаміла, што ўсяго зафіксавала 12 спробаў пранікненьня мігрантаў пад зямлёй.

Латвійскія памежнікі разам з паліцыянтамі цяпер скануюць зямлю ўздоўж латвійска-беларускай мяжы, паведаміла Дзяржаўная памежная служба Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік памежнай службы Латвіі: Тунэлі для мігрантаў дакладна капалі зь ведама беларускіх службаў