Расея запусьціла па Ўкраіне 453 ударныя дроны
Паводле Ўкраінскіх паветраных сілаў, Расея выпусьціла па Ўкраіне больш за 450 дронаў.
У Хмяльніцкай вобласьці ў выніку атакі ўзьнік пажар на адным з прамысловых прадпрыемстваў. Паведамленьняў пра пацярпелых не было. Удары таксама зафіксавалі ў Івана-Франкоўскай, Тэрнопальскай і Львоўскай абласьцях. У Львоўскай вобласьці была атакаваная аўтазапраўка недалёка ад мяжы з Польшчай. Паведамлялася таксама пра ўдары па чыгуначнай інфраструктуры на захадзе Ўкраіны.
У Адэсе пашкоджаныя жылыя дамы, паводле мясцовых уладаў, пацярпелі прынамсі 20 чалавек, у тым ліку дзеці. Паведамлялася таксама пра ўдары па складах пад Адэсай, у тым ліку па складзе «Новай пошты». Напярэдадні, у ноч на 12 верасьня, расейскі дрон трапіў у 25-павярховы жылы дом у Адэсе. Загінулі два чалавекі, больш за 20 былі параненыя.
Польшча раніцай абвяшчала паветраную трывогу ў некалькіх усходніх раёнах краіны. Пра парушэньне польскай паветранай прасторы не паведамлялася. Румынскія ўлады заявілі, што ў краіну заляцеў бесьпілётнік.
- Расейскія вайскоўцы рэгулярна атакуюць украінскія гарады і грамадзянскую інфраструктуру ва ўсіх рэгіёнах Украіны з выкарыстаньнем розных відаў узбраеньня, у тым ліку ўдарных БПЛА, ракет, кіраваных авіяцыйных бомбаў (КАБ) і рэактыўных сыстэм залпавага агню. Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы, учыненыя Расейскай Фэдэрацыяй, і падкрэсьліваюць, што яны зьяўляюцца наўмыснымі.
- Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія наносіць наўмысныя ўдары па грамадзянскай інфраструктуры ўкраінскіх гарадоў і вёсак падчас поўнамаштабнай вайны — удары, у выніку якіх гінуць мірныя жыхары і разбураюцца бальніцы, школы, дзіцячыя сады, а таксама аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
Удары ўкраінскіх дронаў па НПЗ у Расеі
Уначы 13 верасьня ўкраінскія дроны атакавалі таксама аб’екты ў Расеі.
Фотаздымак атакі на Ніжнякамск у ліпені сёлета
У Ніжнякамску ў Татарстане, паводле мясцовых уладаў, загінулі два чалавекі — яны знаходзіліся ў аўтамабілі, каля якога выбухнуў дрон. Яшчэ шэсьць чалавек пацярпелі. Паведамляецца пра пашкоджаньні жылога дома.
Украінскія маніторынгавыя каналы паведамлялі пра атакі на прамысловую зону Ніжнякамску, дзе знаходзяцца некалькі буйных нафтаперапрацоўчых і нафтахімічных прадпрыемстваў.
Таксама дроны атакавалі нафтаперапрацоўчы завод у Славянску-на-Кубані ў Краснадарскім краі Расеі. Паводле мясцовых уладаў, у выніку атакі пашкоджаныя газаправод і чатыры прыватныя дамы, адзін чалавек пацярпеў.
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны пацьвердзіла ўдар па НПЗ на Кубані. Паводле ўкраінскай выведкі, была пашкоджаная ключавая ўстаноўка па перапрацоўцы нафты і рэзэрвуары парк прадпрыемства.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.