Пра гэта паведамляе літоўскі грамадзкі тэлеканал LRT.
Паводле літоўскага войска, імаверна, аб’ект трапіў у паветраную прастору Літвы з боку Беларусі.
Каля 4:25 цэль пакінула паветраную прастору Літвы і перасекла мяжу з Калінінградзкай вобласьцю.
Пасьля выяўленьня аб’екта ў Літве абвясьцілі жоўты ўзровень паветранай небясьпекі. Цэнтар кіраваньня крызісамі заклікаў жыхароў прадугледзець бясьпечнае месца. Пазьней паветраная трывога была скасаваная.
Прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрыюс Мішуціс паведаміў агенцтву Baltic News Service (BNS), што памежнікі аб’ект не зафіксавалі. Паводле яго, сыстэма аховы мяжы прызначаная для назіраньня за сухапутнай мяжой і здольная выяўляць толькі аб’екты, якія знаходзяцца вельмі нізка.
Літоўскае войска паведамляе, што за апошнія некалькі гадоў у Літву заляталі сем дронаў, якія, як мяркуецца, былі ўкраінскімі апаратамі, зьбітымі з курсу расейскімі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Некаторыя зь іх мелі выбухоўку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Над Украінай рой расейскіх дронаў. Яны зноў ляцяць празь Беларусь. На Жытоміршчыне два чалавекі загінуліЧаму гэта важна
21 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага Літвы ў Беларусі Эрыкаса Вілканецаса і заявілі яму рашучы пратэст праз тое, што, маўляў, Літва нічога не зрабіла, каб папярэдзіць пранікненьне на беларускую тэрыторыю ўкраінскага дрону, які першапачаткова накіроўваўся ў бок Расеі. У пратэсьце ішлося пра інцыдэнт, што нібыта меў месца 17 траўня.
У той жа час Беларусь нічога ня робіць з расейскімі дронамі, якія «ўваходзяць» ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі. Нават наадварот — раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прадстаўнікі Міністэрства абароны Ўкраіны заяўлялі, што Беларусь дапамагае Расеі накіроўваць яе дроны на ўкраінскія тэрыторыі.
Дзяржаўныя СМІ паведамляюць аб атаках украінскіх сіл па тэрыторыі Расеі, але ніколі не згадваюць, што расейскія дроны атакуюць Украіну праз тэрыторыю Беларусі і ў некаторых выпадках вяртаюцца на беларускую тэрыторыю пасьля абясшкоджваньня сродкамі радыёэлектроннай барацьбы Ўкраіны.
17 верасьня 2024 году Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што расейскія дроны залятаюць у Беларусь. Пазьней ён тлумачыў залёт БПЛА ў Беларусь недасьведчанасьцю апэратараў і казаў, што «некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расеі, і з боку Ўкраіны». Паводле Лукашэнкі, гэтыя пытаньні ў Беларусі вырашаюць «на ўзроўні спэцыялістаў, не выносячы ў публічнае поле». Такія дамоўленасьці, паводле Лукашэнкі, нібыта былі дасягнутыя з абодвума бакамі.
Зь ліпеня 2024 году рэсурсы, якія спэцыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сытуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварваньня ў паветраную прастору Беларусі бесьпілётнікаў, якімі Расея атакуе Ўкраіну. У ноч на 5 верасьня некалькі дронаў зьбілі над Гомлем, абломкі аднаго зь іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушанае прызнаць факт парушэньня мяжы дронамі, але не назвала, каму яны належалі.
Сёлета 22 жніўня ў Беларусь упершыню заляцеў гібрыдны дрон «Бандэроль», які ўпаў ў раёне мястэчка Капаткевічы Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Украінскія рэсурсы тады сьцьвярджалі, што ў яе закончылася паліва і яна ўпала ў полі. Улады Беларусі гэтую інфармацыю не камэнтавалі.