Як паведаміла выданьне Tribuna.com, на сайце Фэдэрацыі хакею Беларусі ўжо выдалілі профіль Аляксея Гаўрылёнка. Ён зьяўляецца сынам былога гульца зборнай Беларусі Аляксандра Гаўрылёнка.
«Фігурант прызнаўся, што меў з загінулай блізкія дачыненьні і ведаў, што яна чакае ад яго дзіця. Пры гэтым мужчына афіцыйна знаходзіўся ў іншых стасунках, і з гэтай прычыны паміж ім і ахвярай рэгулярна ўзьнікалі канфлікты. Падчас чарговай сваркі злачынца некалькі разоў ударыў жанчыну нажом, паклаў цела ў дарожную сумку, вывез за горад і закапаў. Па дарозе пазбавіўся доказаў — акрываўленай вопраткі і яе смартфону. [...] Эмоцый у яго ніякіх не было. Ён максымальна спрабаваў сьцерці сьляды ў кватэры на месцы здарэньня», — паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі 11 верасьня.
Паводле сьледзтва, падазраваны вывез цела загінулай у лес у Мінскім раёне, папярэдне купіў у краме рыдлёўку, каб яе закапаць.
Што папярэднічала
Пра забойства жанчыны стала вядома 11 верасьня. Яе шукалі з 8 верасьня.
Пра зьнікненьне жанчыны ў міліцыю паведаміла яе дачка. Цягам 24 гадзін падазраванага высьветлілі і затрымалі.
Што вядома пра затрыманага
Аляксей Гаўрылёнак выступаў у юнацкіх зборных Беларусі, а таксама згуляў на моладзевым чэмпіянаце сьвету да 20 гадоў (сэзон-2006/2007). У 2008-2015 гадах выступаў за «Брэст», дзе завяршыў кар’еру гульца.
Яго бацька, галкіпэр Аляксандр Гаўрылёнак, за зборную Беларусі выступаў з 1992-га па 1999 год. Правёў 17 матчаў, прапусьціў 39 шайбаў.