У другой палавіне дня ўкраінскія маніторынгавыя каналы зафіксавалі расейскія дроны, якія ляцелі над беларускай тэрыторыяй у кірунку Жытомірскай вобласьці, якую расейскія войскі атакуюць ужо два дні запар.
Як паведаміў канал «Николаевский Ванёк», два дроны знаходзіліся ў паветранай прасторы Беларусі а 13:00, а 13:48 два дроны нібыта з Украіны вярнуліся на беларускую тэрыторыю і а 14:09 яны ўсё яшчэ заставаліся ў Беларусі.
Канал «єРадар» а 13:04 паведаміў аб вылеце аднаго дрону ў кірунку Мазыра, а 13:42 паведамілі ўжо аб тым, што «некалькі БпЛА кружацца на тэрыторыі Беларусі ў раёне Мазыра».
Telegram-канал «Ринда моніторить» пачаў паведамляць аб дронах у Беларусі з 11:56. А 12:11 два бесьпілётнікі праз Прыпяць вылецелі ў Беларусь. А 12:59 яны нібыта знаходзіліся ўжо на шляху да Нароўлі і Лельчыцаў. А 13:54 паведамілі аб двух дронах на Мазыр. У гэты ж час адзін з тых дронаў, што накіроўваўся ў Беларусь праз Прыпяць разьвярнуўся зноў на Ўкраіну. А 14:09 два дроны праз Чарнобыль вылецелі ў Беларусь. А 14:30 адзін бесьпілётнік праз Рэпкі вылецеў у кірунку беларускай тэрыторыі.
Па стане на 18:30 на памежнай зь Беларусьсю тэрыторыі Чарнігаўскай, Кіеўскай, Ровенскай і Жытомірскай знаходзілася прыблізна 10 дронаў тыпу Shahed. Дакладную колькасьць дронаў, якія перасоўваліся з тэрыторыі Ўкраіны ў Беларусь, засталіся на беларускай тэрыторыі або вярнуліся назад на ўкраінскую, вызначыць складана.
Паводле ўладаў Жытомірскай вобласьці, прыблізна а 17:30 адзін дрон пацэліў у прадуктовую краму ў Зьвягелі, 2 чалавекі загінулі. Зьвягель знаходзіцца прыблізна за 110–115 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея другі дзень запар атакуе памежны зь Беларусьсю рэгіён, на Адэшчыне — больш за 30 параненыхШто папярэднічала
Начальнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Алег Івашчанка ў інтэрвію, апублікаваным 11 верасьня ў брытанскай газэце The Times, заявіў, што ў Беларусі зноў працуюць рэтрансьлятары для навядзеньня расейскіх бесьпілётнікаў.
«Нейкі час яны перасталі іх усталёўваць, але цяпер мы бачым, што некаторыя рэтрансьлятары зноў працуюць. У нас дастаткова магчымасьцяў, каб з гэтым разабрацца», — сказаў Івашчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусі зноў запрацавалі рэтрансьлятары для расейскіх дронаў — кіраўнік ГУР УкраіныЧаму гэта важна
21 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага Літвы ў Беларусі Эрыкаса Вілканецаса і заявілі яму рашучы пратэст праз тое, што, маўляў, Літва нічога не зрабіла, каб папярэдзіць пранікненьне на беларускую тэрыторыю ўкраінскага дрону, які першапачаткова накіроўваўся ў бок Расеі. У пратэсьце ішлося пра інцыдэнт, што нібыта меў месца 17 траўня.
У той жа час Беларусь нічога ня робіць з расейскімі дронамі, якія «ўваходзяць» ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі. Нават наадварот — раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прадстаўнікі Міністэрства абароны Ўкраіны заяўлялі, што Беларусь дапамагае Расеі накіроўваць яе дроны на ўкраінскія тэрыторыі.
Дзяржаўныя СМІ паведамляюць аб атаках украінскіх сіл па тэрыторыі Расеі, але ніколі не згадваюць, што расейскія дроны атакуюць Украіну праз тэрыторыю Беларусі і ў некаторых выпадках вяртаюцца на беларускую тэрыторыю пасьля абясшкоджваньня сродкамі радыёэлектроннай барацьбы Ўкраіны.
17 верасьня 2024 году Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што расейскія дроны залятаюць у Беларусь. Пазьней ён тлумачыў залёт БПЛА ў Беларусь недасьведчанасьцю апэратараў і казаў, што «некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расеі, і з боку Ўкраіны». Паводле Лукашэнкі, гэтыя пытаньні ў Беларусі вырашаюць «на ўзроўні спэцыялістаў, не выносячы ў публічнае поле». Такія дамоўленасьці, паводле Лукашэнкі, нібыта былі дасягнутыя з абодвума бакамі.
Зь ліпеня 2024 году рэсурсы, якія спэцыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сытуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварваньня ў паветраную прастору Беларусі бесьпілётнікаў, якімі Расея атакуе Ўкраіну. У ноч на 5 верасьня некалькі дронаў зьбілі над Гомлем, абломкі аднаго зь іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушанае прызнаць факт парушэньня мяжы дронамі, але не назвала, каму яны належалі.
Сёлета 22 жніўня ў Беларусь упершыню заляцеў гібрыдны дрон «Бандэроль», які ўпаў ў раёне мястэчка Капаткевічы Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Украінскія рэсурсы тады сьцьвярджалі, што ў яе закончылася паліва і яна ўпала ў полі. Улады Беларусі гэтую інфармацыю не камэнтавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусі падымалі авіяцыю праз расейскія гібрыдныя дроны «Бандэроль». Чым яны небясьпечныя- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
- Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
- Раней расьсьледнікі заяўлялі, што больш за 100 беларускіх прадпрыемстваў выконваюць вайсковыя замовы Расеі.