Мацкевіч: Хай Лукашэнка заткне Азаронка, брыдота ж

Уладзімер Мацкевіч

Беларускі мэтадоляг і былы палітвязень Уладзімер Мацкевіч заклікаў ўлады Беларусі спыніць агрэсіўную рыторыку дзяржаўнай прапаганды. Асобна ён згадаў вядомых прапагандыстаў Рыгора Азаронка, Аляксандра Дзерманта, Андрэя Мукавозчыка.

Паводле Мацкевіча, нават калі беларускія ўлады пакуль не гатовыя прызнаць свае памылкі, пайсьці на саступкі і вызваліць усіх палітвязьняў, яны маглі б хаця б спыніць агрэсіўную прапагандысцкую рыторыку.

«Калі ўзяць рыторыку тых, хто ня мае ўлады, але плявузгае там сваім языком, кшталту розных Азаронкаў, Дзермантаў, Мукавозчыкаў і так далей. Ну, гэта ж брыдота. Хоць бы спыніць гэтую брыдоту. Калі вы ўжо не гатовыя зараз прызнаць свае памылкі, сваю паразу і пайсьці на саступкі, спыніце», — сказаў Мацкевіч у праграме «ПіК Свабоды».

На ягоную думку, за больш чым тры дзесяцігодзьдзі ва ўладзе Лукашэнка павінен быў бы хаця б «памаўчаць», калі ён ня можа дзейнічаць самастойна.

Мацкевіч таксама заявіў, што вызваленьне асобных палітвязьняў і асобныя кантакты беларускага рэжыму з Захадам яшчэ не азначаюць зьмены палітыкі. Ён заклікаў не прымаць асобныя выпадкі за новую тэндэнцыю і ня верыць «пустым абяцанкам» рэжыму.

Паводле Мацкевіча, пра рэальныя зьмены можна будзе гаварыць толькі тады, калі беларускія ўлады цалкам вызваляць палітвязьняў і спыняць новыя рэпрэсіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы і да малой, і да вялікай угоды з ЗША гатовыя». Лукашэнка расказаў, чаго чакае ад прыезду Коўла