У ЗША Алесю Бяляцкаму ўручылі мэдаль «За служэньне дэмакратыі»

Цырымонія ўручэньня ўзнагародаў Нацыянальнага фонду ў падтрымку дэмакратыі (ЗША). Маўнт-Вэрнан, штат Вірджынія, 10 верасьня 2026 году

Мэдаль Алесю Бяляцкаму ўручыў Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі (NED), які дапамагае разьвіцьцю дэмакратычных інстытутаў у сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі.

10 верасьня ў маёнтку Джорджа Вашынгтона мэдаль NED за служэньне дэмакратыі (Democracy Service Medal) атрымаў ляўрэат Нобэлеўскай прэміі былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

Такім чынам амэрыканская арганізацыя адзначыла дзесяцігодзьдзі ягонай працы дзеля свабоды, правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі

«Мы ўручылі Мэдаль за служэньне дэмакратыі беларускаму праваабаронцу і ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму», — паведаміў NED.

«Сёлетнія ляўрэаты нагадваюць нам, што імкненьне да свабоды, якое натхняла заснавальнікаў Амэрыкі, па-ранейшаму рухае людзьмі ва ўсім сьвеце і застаецца адной з наймацнейшых сіл, якія фармуюць нашу будучыню», — заявіў NED.

На гэтай жа ўрачыстасьці былі адзначаныя «Прэміяй за дэмакратыю» антываеннае аб’яднаньне сьвятарства «Мір усім» (Friede Allen — Peace Upon All), журналісты этыёпскага выданьня Addis Standard, арганізатары дэмакратычнага руху «Вясновая рэвалюцыя» ў М’янме, кубінскія актывісты дэмакратычнага руху Люіс Мануэль Атэра Алькантара, Майкель Кастыльлё Пэрэс і Фэлікс Навара, сырыйскі цэнтар СМІ і свабоды выказваньня меркдумакаваньняў.

У 2024 годзе мэдаль NED атрымала Сьвятлана Ціханоўская.

Мэдаль За служэньне дэмакратыі

Арганізацыя ў сваім рашэньні згадала, што Алесь Бяляцкі перажыў зьняволеньне і перасьлед за супраціўленьне аўтарытарызму, дакумэнтаваньне злоўжываньняў рэжыму і абарону тых, чые асноўныя правы былі парушаныя.

«Мы ганарымся тым, што ўшаноўваем яго незвычайную мужнасьць і нязьменную прыхільнасьць дэмакратычнай будучыні Беларусі», — паведаміла раней няўрадавая арганізацыя Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі на сваіх старонках у сацсетках.

Што сказаў Бяляцкі

«Для мяне гонар быць узнагароджаным мэдалём за служэньне дэмакратыі поруч з выбітнымі людзьмі, якія змагаліся за свабоду і супраць таталітарызму, такімі як Вацлаў Гавэл і Асвальда Пая́... Два гады таму вы ўшанавалі гэтым мэдалём беларускую дэмакратычную лідэрку Сьвятлану Ціханоўскую, а цяпер тут я — гэта прызнаньне свабодалюбнага памкненьня беларускага народу, які хоча жыць у незалежнай і дэмакратычнай краіне», — заявіў Алесь Бяляцкі з нагоды ўзнагароды, піша «Вясна».

«Яшчэ дзевяць месяцаў таму я сядзеў у турме ў жорсткіх умовах і ня мог сабе ўявіць, што калі-небудзь выйду на волю... Аніводнай хвіліны пасьля вызваленьня я не забываю, што ў лукашэнкаўскіх турмах знаходзяцца яшчэ больш за 900 зьняволеных», — заявіў праваабаронца.

Што такое NED

Нацыянальны фонд падтрымкі дэмакратыі (NED) — National Endowment for Democracy (NED, Нацыянальны фонд у падтрымку дэмакратыі) — гэта амэрыканская недзяржаўная некамэрцыйная арганізацыя, заснаваная ў 1983 годзе.

Яе місія — падтрымка раьзвіцьця дэмакратыі, правоў чалавека, свабодных СМІ, грамадзянскай супольнасьці і незалежных прафсаюзаў па ўсім сьвеце.

Фонд вядомы сувязямі і зь беларускімі дэмакрытычнымі сіламі.

Новая справа супраць Бяляцкага

У Беларусі 5 жніўня аб’явілі ў вышук нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага. Ягоная картка зьявілася ў базе расейскага МУС, даступнай на сайце mvd.sotaproject.com . Падставай для вышуку пазначана «крымінальная справа» — без удакладненьня нумару артыкулу. Алеся Бяляцкага памілавалі і прымусова вывезьлі за мяжу ў сьнежні 2025 году.

19 жніўня Алесь Бяляцкі заявіў, што завядзеньне супраць яго крымінальнай справы ня выклікала ў яго зьдзіўленьня.

Бяляцкі прызнаў, што ягонай асабістай бясьпецы гэта ніяк не пагражае, апроч таго, што цяпер трэба больш пільна абіраць шляхі сваіх паездка і ўнікаць краін, якія могуць выдаць яго ўладам Беларусі:

«Я буду надалей працягваць сваю справу — гаварыць праўду пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Спэцпасланьнік Трампа Джон Коўл наведае Беларусь 14 верасьня, — крыніцы Свабоды. 8 верасьня ён сустрэўся зь Бяляцкім

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Алесь Бяляцкі выступіў у Амстэрдаме зь лекцыяй пра свабоду і будучыню Беларусі

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
  • Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
  • У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).