Арганізацыя папярэдзіла, што ў будучыні будзе яшчэ горш, бо ўзмацняецца кліматычны рэжым «Эль-Ніньё», пры якім паверхневыя воды цэнтральнай і ўсходняй часткі трапічнага Ціхага акіяну становяцца незвычайна цёплымі.
У жніўні глябальная тэмпэратура над зямлёй і на моры ўзьляцела да гістарычных максымумаў і завяршыла надзвычайнае лета з хвалямі сьпякоты і ляснымі пажарамі. Лета стала самым гарачым у гісторыі ў Заходняй Эўропе і Злучаных Штатах, піша AFP са спасылкай на кліматолягаў.
Служба сачэньня за зьмяненьнямі клімату Copernicus заявіла, што сярэдняя глябальная тэмпэратура паветра ў жніўні склала 16,96 градусы, што на 0,01 перавысіла папярэдні месячны рэкорд, устаноўлены ў ліпені 2023 году.
Copernicus робіць назіраньні з 1940 году, але ўзоры лёду, каралаў і шкілетаў каралаў ставяць цяперашні клімат у нашмат больш сур’ёзны гістарычны кантэкст.
«Людзі ня бачылі такіх высокіх тэмпэратур, як цяпер, магчыма, за апошнія 100 000 гадоў», — сказала агенцтву AFP Саманта Бэрджэс з Эўрапейскага цэнтру сярэднетэрміновых прагнозаў надвор’я.
Чаму гэта адбываецца?
Глябальная тэмпэратура паверхні мора ў жніўні паставіла новы рэкордны штодзённы максымум і зраўнялася з самым гарачым месяцам для акіянаў за ўсю гісторыю назіраньняў.
У Copernicus заявілі, што асноўным рухавіком тут ёсьць глябальнае пацяпленьне ад спальваньня вугалю, нафты і газу, а таксама рэзкае павышэньне тэмпэратуры ў Ціхім акіяне. Успышкі «Эль-Ніньё» характарызуюцца незвычайна цёплымі водамі Ціхага акіяну, яны выклікаюць сур’ёзныя зьмены ў колькасьці ападкаў і вятроў, павялічваючы імавернасьць паўстаньня стыхіі за тысячы кілямэтраў.
Што ў Беларусі?
Беларусь таксама не абмінаюць павышэньні тэмпэратураў. Толькі за адзін дзень 9 верасьня ў краіне зафіксавалі адразу 20 тэмпэратурных экстрэмумаў!
Сярод гэтых паказьнікаў найбольш вылучаюцца два. Найстарэйшы рэкорд — 94-гадовай даўніны — перапісаны ў Менску, дзе паветра прагрэлася да 28 градусаў (27,4 у 1932 годзе).
Найгарачэй было ў Берасьці — 31,5 градуса (29,9 у 1994 годзе) і Высокім — 31,4 (29,2 у 1994-м).
У Горадні гістарычны максымум дня пратрымаўся 21 год (30,6 градуса супраць 28,5).
Згаданы ў эўрапейскіх справаздачах жнівень таксама біў беларускія рэкорды. Як паведамляла выданьне «Позірк» па выніках экспрэс-аналізу апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамэту, 1 жніўня пасьля 15 гадзін у Берасьці паветра прагрэлася да 35,6 градуса. Ранейшы экстрэмум быў зафіксаваны 1 жніўня 1936 года ў Васілевічах — 35,2 градуса.
Таксама ў пачатку жніўня за 47 гадзін Белгідрамэт выпусьціў тры «чырвоныя» штармавыя папярэджаньні аб сьпякоце.
Абсалютны тэмпэратурны рэкорд быў зафіксаваны сёлета 29 чэрвеня ў Пінску — 40,4 градуса.
6 жніўня ў Мазыры зафіксавалі найвышэйшую тэмпэратуру паветра ў жніўні за ўвесь час назіраньняў — 39,6 градусаў. Анамальня гарачыня правакуе і стыхію — у жніўні гарады і мястэчкі Гомельшчыны накрылі залевы і вятры, было шмат пашкоджаньняў.