Беларуская нацыянальная авіякампанія «Белавія» ўвяла для сваіх кліентаў магчымасьць вяртаньня білету. Вярнуць білет зараз можна будзе не выходзячы з дому — без звароту да білетнай касы ці цэнтру абслугоўваньня кліентаў.
Каб вярнуць білет, трэба зайсьці на сайце авіякампаніі ў разьдзел «Статус браняваньня» і націснуць кнопку «Вярнуць».
У авіякампаніі адзначылі, што онлайн-вяртаньне даступнае толькі для браняваньня, у якога білет і дадатковыя паслугі былі аформленыя на сайце. Калі хаця б адну паслугу афармлялі іншым спосабам, вярнуць білет онлайн не атрымаецца.
Сума вяртаньня разьлічваецца з улікам умоў тарыфу, паводле якога быў набыты білет.
Чаму гэта важна?
Новая паслуга зь вяртаньнем квіткоў у цяперашні час вельмі актуальная. Рэч тут ня толькі ў тым, што ў жыцьці беларусаў паўсюдна існуюць новыя тэхналёгіі. Улетку шмат хто з падарожнікаў сутыкнуўся з затрымкамі рэйсаў і іх скасаваньнем.
Празь міжнародныя авіяцыйныя санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі за прымусовую пасадку самалёта Ryanair у траўні 2021 году, з тэрыторыі Беларусі цывільнай авіяцыяй цяпер можна вылецець толькі ў Расею, у іншыя краіны — толькі праз Расею. Адпаведна, становішча расейскай паветранай прасторы мае просты ўплыў на бясьпеку і расклад пералётаў з і ў Беларусь.
1 верасьня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі папярэдзіў авіякампаніі, якія дагэтуль лятаюць над Расеяй, што рабіць гэта стане небясьпечна. Ён заявіў, што дронаў у расейскім небе будзе столькі, што бясьпечных варыянтаў для авіяпералётаў не застанецца.
Паводле Зяленскага, «бесьпілётнікі будуць зьяўляцца ў расейскім небе такім чынам, што давядзецца з гэтым лічыцца». Аднак Зяленскі падкрэсьліў, што Ўкраіна сама па сабе не нясе пагрозы для цывільнай авіяцыі.
Пасьля заяваў украінскага боку аб небясьпецы для расейскай паветранай прасторы пачаліся збоі руху і ў менскім аэрапорце. Ужо 4 верасьня стала вядома пра шэраг адкладзеных і перанесеных пералётаў.