Дроны ўпершыню атакавалі Ямал — за 2800 км ад украінскай мяжы

Новы Ўрангой, 9 верасьня 2026 году

Пад удар трапіў Новы Ўрангой у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе Расеі. Там украінскі бесьпілётнік атакаваў «адзін з прамысловых аб’ектаў».

Пра гэта паведаміў губэрнатар акругі Дзьмітры Арцюхоў.

Ён заявіў, што «ў выніку падзеньня абломкаў» пачаўся пажар, пацярпелых няма.

Паўнамоцны прадстаўнік прэзыдэнта Расеі ва Ўральскай фэдэральнай акрузе, удзельнік вайны ва Ўкраіне Арцём Жога напісаў, што пажар пачаўся «на тэрыторыі аб’екта паліўна-энэргетычнага комплексу».

Паводле украінскіх маніторынгавых каналаў, цэльлю атакі стаў завод падрыхтоўкі кандэнсату да транспартаваньня, які належыць «Газпрому».

Украінскі вытворца ракет і дронаў Fire Point намякнуў на сваю датычнасьць да ўдару па Новым Урэнгоі. У паведамленьні кампаніі гаворыцца, што бесьпілётнік «пераадолеў больш за 3300 кілямэтраў і пасьпяхова ўразіў цэль».

Гэта першы вядомы выпадак атакі ўкраінскіх бесьпілётнікаў у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Новы Ўрангой месьціцца за 2700–2800 км ад расейска-ўкраінскай мяжы.

Камандаваньне Сілаў спэцыяльных апэрацыяў УСУ пацьвердзіла, што падразьдзяленьні Deep Strike ССА 9 верасьня пасьпяхова ўразілі два гіганты газакандэнсатнай прамысловасьці Расеі — Новаўрангойскі і Пураўскі заводы.

«Абодва прадпрыемствы месьцяцца ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе — адным з ключавых нафтагазаздабыўных рэгіёнаў РФ. Да цэляў дроны ССА пераадолелі больш за 3000 кілямэтраў. Да сёньняшняга дня гэта лічылася абсалютна бясьпечным тылам для агрэсара», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у сацыяльных сетках.

У ССА дадалі, што гэтыя прадпрыемствы маюць крытычнае значэньне для газакандэнсатнай прамысловасьці: яны забясьпечваюць падрыхтоўку і перапрацоўку значных аб’ёмаў газавага кандэнсату, які здабываецца на радовішчах Ямалу.

Газакандэнсатная прамысловасьць — важны складнік эканомікі Расеі і крыніца даходаў бюджэту агрэсара, адзначылі ва Ўзброеных сілах Украіны.

Пра ўдар па ўрангойскім НПЗ паведаміў і Генштаб УСУ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі абстралялі будынак тэлеканалу ў Кіеве падчас жывога эфіру, сама меней шэсьць параненых

Тым часам ва Ўкраіне гінуць мірныя жыхары ад расейскіх удараў

У Кіеве днём бесьпілётнік ударыў па 9-павярховым доме. Загінула жанчына. Кіеў апошнімі днямі атакуюць амаль бесьперапынна.

У Мікалаеве пасьля расейскага ўдару па жылых дамах у прыватным сэктары загінулі два чалавекі.

У Сумах дрон ударыў па гандлёва-забаўляльным цэнтры. Загінулі тры чалавекі.

Зь іншых рэгіёнаў Украіны прыходзяць паведамленьні пра пацярпелых ад расейскіх атак.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.