Беларуска Карына Казлоўская заваявала 7 залатых медалёў на чэмпіянаце Польшчы ў стральбе з лука

Карына Казлоўская зь сямю ўзнагародамі

Раней беларуска вымушана пакінула радзіму і атрымала польскае грамадзянства.

Беларуская спартоўка з польскім грамадзянствам на першынстве Польшчы ў Беластоку паказала найлепшыя вынікі на дыстанцыях 30, 50, 60 і 70 мэтраў, а таксама ў зьмяшаным, камандным і агульным заліках сярод жанчын.

Здымак з залатымі мэдалямі Карына выклала ў сваім інстаграме.

Раней Карына Казлоўская ўжо была чэмпіёнкай Польшчы, гэта адбылося летась. Сёлета ў камандным заліку перамог і яе клюб — «Лучнік» з гораду Жывец, за які выступае Карына.

Казлоўская ўвайшла ў гісторыю польскай стральбы з лука — яна стала першай спартоўкай, якая здабыла ўсе сем залатых мэдалёў, заваяваўшы перамогу ў 100% спаборніцтваў.

Журналістам Казлоўская расказала, што летась працавала ў папулярнай польскай сетцы крамаў «Жабка», каб зарабляць на жыцьцё і працягваць трэнаваньні. Сёлета патрэба ў дадатковай працы зьнікла — фундатарам лучніцы выступіў InPost, фірма дастаўкі пасылак.

Налета ў верасьні Карына паедзе ў Калюмбію на першынство сьвету, дзе будзе змаганьне за пуцёўкі на Алімпійскія гульні-2028. А сёлета наперадзе яшчэ Кубак Польшчы, які пройдзе ў Жэшаве.

Гісторыя Карыны Казлоўскай

Неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі ў стральбе з луку Карына Казлоўская, якая заняла разам з камандай 4-е месца на Алімпіядзе ў Токіё ў 2021 годзе, 31 траўня 2022 году паведаміла ў сваім інстаграме, што пакінула зборную і выехала з краіны.

«Пачынаючы з 2020 году я ў няспынным стрэсе. З прычыны Алімпійскіх гульняў, пандэміі, выбараў і пасьля палітычных рэпрэсій, якія працягваюцца ў краіне дагэтуль, і вайны ва Ўкраіне. Дзеля спорту я маўчала, цярпела прыніжэньне, пагрозы, запалохваньні. Пазбаўлялася ўсё большай колькасьці правоў, абрастала правіламі і кантролем, страчваючы ўвесь давер да людзей вакол мяне, а яны — да мяне. Усё дайшло да пункту невяртаньня, і я прыняла рашэньне зьехаць з краіны», — пісала тады яна.

У 2020 годзе Карына Казлоўская разам зь дзясяткамі іншых спартоўцаў падпісала ліст за сумленныя выбары. У лютым 2025 году, амаль праз тры гады пасьля пераезду зь Беларусі ў Польшчу, Казлоўская атрымала польскае грамадзянства. Пры гэтым у польскай зборнай лучніца пачала выступаць яшчэ раней, напрыклад, у чэрвені 2023-га з польскай нацыянальнай камандай Карына Казлоўская ўзяла бронзу на Кубку Эўропы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дарʼя Далідовіч пра дэбют у зборнай ўцекачоў у Кубку сьвету: «Я нават заплакала ў стартавай зоне, бо эмоцыі перапаўнялі»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зь беларускіх баскетбалістаў зьнялі санкцыі, а лыжнікаў дапусьцілі да спаборніцтваў у нэўтральным статусе