Міжнародныя аўтаперавозьнікі будуць перадаваць сілавікам зьвесткі пра пасажыраў, якія выяжджаюць за мяжу

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі абавязала юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца аўтамабільнымі пасажырскімі перавозкамі, перадаваць інфармацыю аб грамадзянах, якія выяжджаюць за межы Беларусі.

Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы ведамства, аўтамабільныя перавозьнікі будуць перадаваць у адзіную дзяржаўную інфармацыйную сыстэму продажу праязных дакумэнтаў зьвесткі аб сваіх пасажырах з 1 кастрычніка 2027 году.

У прыватнасьці, перадаваць будуць пэрсанальную інфармацыю аб пасажырах, іхнае грамадзянства, назву, нумар і тэрмін дзеяньня дакумэнту, на падставе якога набывалі квіток.

Да гэтага часу зьвесткі сілавікам перадавалі толькі перавозьнікі на паветраным і чыгуначным транспарце. Для паветраных і чыгуначных перавозьнікаў гэтая норма пачала дзейнічаць 13 ліпеня 2016 году.

Згодна з новай пастановай, інфармацыю аб пасажырах, якія перасякаюць мяжу на аўтамабільным транспарце, будуць перадаваць органам памежнай службы і «іншым дзяржаўным органам, што ажыцьцяўляюць апэратыўна-вышуковую дзейнасьць». Гэтая ж норма застаецца дзейнай для паветранага і чыгуначнага транспарту.

Што папярэднічала і чаму гэта важна

Артыкул 45 закону Беларусі аб дзяржаўнай мяжы, якім Міністэрства транспарту і камунікацый абгрунтавала неабходнасьць ухваленьня сваёй цяперашняй пастановы, прадугледжвае правы і абавязкі міжнародных перавозьнікаў. У ім адзначаецца, што юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі «абавязаныя прымаць захады па папярэджаньні незаконнага пранікненьня фізычных асобаў на транспартныя сродкі і выкарыстаньня транспартных сродкаў для незаконнага перасячэньня мяжы».

Сярод такіх захадаў, у прыватнасьці, прадугледжана перадача зьвестак аб пасажырах, якія перасякаюць мяжу на паветраным, чыгуначным і аўтамабільным транспарце.

Праваабаронцы апошнія два гады сыстэматычна фіксуюць факты перасьледу тых, хто прыяжджае ў Беларусь з-за мяжы. Людзей правяраюць у пунктах пропуску, аглядаюць тэлефоны, распытваюць пра паездкі, падпіскі й кантакты, а грамадзян Украіны, як і раней, дадаткова дапытваюць. Пры гэтым усё часьцей сілавікі не затрымліваюць людзей адразу ў пунктах пропуску, а прыходзяць да іх празь некалькі дзён пасьля вяртаньня — ужо дадому або на працу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праваабаронцы фіксуюць новыя факты перасьледу тых, хто вяртаецца ў Беларусь з-за мяжы