Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы фіксуюць новыя факты перасьледу тых, хто вяртаецца ў Беларусь з-за мяжы

Памежны слуп Беларусі. Архіўнае фота
Памежны слуп Беларусі. Архіўнае фота

На запыты, ці бясьпечна цяпер вяртацца ў Беларусь тым, хто выехаў з краіны, ратуючыся ад палітычнага перасьледу, праваабаронцы адказваюць нэгатыўна: сытуацыя з правамі чалавека ў краіне катастрафічная, а затрыманьні адбываюцца штодзень.

Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», праваабаронцы надалей фіксуюць перасьлед тых, хто прыяжджае ў Беларусь з-за мяжы. Людзей правяраюць у пунктах пропуску, аглядаюць тэлефоны, распытваюць пра паездкі, падпіскі й кантакты, а грамадзян Украіны, як і раней, дадаткова дапытваюць. Пры гэтым усё часьцей сілавікі не затрымліваюць людзей адразу ў пунктах пропуску, а прыходзяць да іх празь некалькі дзён пасьля вяртаньня — ужо дадому або на працу.

Цягам апошняй паловы году праваабаронцы працягваюць фіксаваць рэгулярныя допыты і затрыманьні на межах Беларусі зь дзяржавамі ЭЗ і Расеяй. Падставай для перасьледу служаць фота з пратэстаў у 2020 годзе, ахвяраваньні, камэнтары ў сацыяльных сетках, «экстрэмісцкія» рэпосты, фота зь бел-чырвона-белай сымболікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках, фота з акцыяў салідарнасьці за мяжой.

На допыт могуць адправіць кожнага «падазронага», часта на размовы адпраўляюць уключаных у базу сілавікоў «БЕСпорядки» — туды ўносяцца зьвесткі аб усіх затрыманых пасьля пачатку пратэстаў у 2020 годзе.

Асабліва масавыя «размовы» адбываліся ў сьнежні і студзені, калі людзі ехалі дадому на сьвяты: з аўтобуса маглі адправіць на допыт амаль палову пасажыраў. Паводле сьведчаньняў, правяралі фактычна ўсіх — студэнтаў (у тым ліку непаўналетніх), людзей з ВНЖ, тых, хто доўга не быў у краіне. Тэлефоны сілавікі звычайна аглядаюць дэталёва, уключна з архівамі сацсетак за 2020 год, пытаюцца пра ўдзел у пратэстах, данаты, падпіскі і стаўленьне да вайны.

Пры наяўнасьці «экстрэмізму» ў тэлефоне людзей зьмяшчаюць у ІЧУ ў бліжэйшых гарадах, пасьля чаго прызначаюць штрафы або адміністрацыйныя арышты, а ў асобных выпадках заводзяць крымінальныя справы.

«Так, актывіста з Рэчыцы Алеся Здаравеннава, якога ўвесну 2025 года спачатку затрымалі на мяжы зь Літвой за „экстрэміцкія падпіскі“, у сьнежні асудзілі на 10 гадоў калёніі паводле палітычных крымінальных артыкулаў», — перадае «Вясна».

Беларуска, якую ў 2025 годзе дапытвалі супрацоўнікі ФСБ пры ўезьдзе ў Калінінград з Польшчы, расказала «Вясьне» падрабязнасьці допыту:

«Гэта была звычайная размова: адкуль едзеце, куды і навошта. Таксама пыталі, ці ёсьць у мяне сябры ці сваякі ва Ўкраіне, ці кантактую зь імі. Яго цікавала толькі Ўкраіна. Дапытвалі мяне і ўкраінку. Але зь ёй размаўлялі пяць гадзін».

Яшчэ ў адной жанчыны пыталіся, ці бачылася яна з Ціханоўскай. Зь яе словаў, супрацоўнік увесь час чыніў на яе псыхалягічны ціск, спрабуючы даведацца больш інфармацыі і злавіць на хлусьні.

Юрыстка «Вясны» Віка Рудзянкова адзначае, што практыка допытаў і затрыманьняў на мяжы стала сыстэмнай:

«Затрыманьні на мяжы зь Беларусьсю паступова трансфармаваліся ў стабільны мэханізм палітычнага ціску: спачатку ў 2022 годзе мы фіксавалі адзінкавыя выпадкі, а ўжо ў 2023 годзе стала відавочна, што гэтая практыка афармляецца ў сыстэмнае і мэтанакіраванае паляваньне на «неляяльных».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG