Спэцпасланьнік Трампа Джон Коўл наведае Беларусь 14 верасьня, — крыніцы Свабоды

Джон Коўл, архіўнае фота

Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША для Беларусі Джон Коўл плянуе зноў наведаць Беларусь 14 верасьня.

Пра гэта паведаміў вашынгтонскі карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Алекс Раўфоглу з спасылкай на дзьве інфармаваныя крыніцы. Паводле яго, Коўл дамагаецца вызваленьня наступнай групы палітычных зьняволеных і спадзяецца, што агульная колькасьць вызваленых дасягне 1000 чалавек.

Што папярэднічала

У жнівеньскім інтэрвію «Голасу Амэрыкі» Джон Коўл паведаміў, што ў сярэдзіне верасьня зьбіраецца ў Беларусь, каб дамагчыся новага вызваленьня палітзьняволеных.

«Мы дамагліся вызваленьня пяцісот чалавек, потым былі памілаваныя яшчэ каля дзьвюхсот. Так што рэальная лічба складае прыкладна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесьці яе да тысячы», — сказаў пасланьнік.

Пазьней у адказ на крытычную рэпліку ў сацыяльнай сетцы Х — «Пакуль вы вызваляеце 100 чалавек, саджаюць новых 200» — Джон Коўл напісаў, што ўдалося вызваліць больш за 700 чалавек.

Дакладна вядома пра 646 вызваленых за два гады, але ня ўсе зь іх палітвязьні.

Працэс масавага вызваленьня палітвязьняў у выніку перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з адміністрацыяй Дональда Трампа пачаўся з 2025 году.

Дагэтуль некаторых палітвязьняў вызвалялі адмысловымі указамі Лукашэнкі (гэтак званымі памілаваньнямі), прымеркаванымі да пэўных датаў. Напрыклад, да афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня.

Палітычныя вязьні таксама выходзілі на волю, цалкам адбыўшы свае тэрміны зьняволеньня. У 2024 годзе ў выніку некалькіх хваляў памілаваньняў на свабоду выйшлі 227 чалавек. Пры гэтым па ўсёй краіне адбываліся новыя затрыманьні і прысуды з палітычных прычын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Падлічваем: колькі палітвязьняў вызвалілі з турмаў Беларусі ў выніку перамоваў з ЗША