Экстрэмізм, ідэалёгія і міграцыя. Лукашэнка зьмяніў сваю дырэктыву, якой раней спрабаваў умацаваць дысцыпліну

Абутковая фабрыка ў Лідзе. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім зацьвердзіў зьмены ў сваю дырэктыву ў пытаньнях забесьпячэньня грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны.

Як вынікае з тэксту ўказу, апублікаваным на сайце Лукашэнкі, цяпер сярод прыярытэтаў зьявіліся інфармацыйная бясьпека, супрацьдзеяньне абарачэньню наркотыкаў, супрацьдзеяньне «экстрэмізму», а таксама кантроль над вонкавымі міграцыйнымі працэсамі.

У прыватнасьці, для супрацьдзеяньня экстрэмізму прадугледжаныя дзеяньні «па захаваньні і прасоўваньні традыцыйнай сыстэмы каштоўнасьцяў, нацыянальных духоўных традыцый патрыятызму, абмежаваньні ўплыву чужых мэнталітэту беларускай нацыі каштоўнасьцяў, прафіляктыцы і спыненьня праяў экстрэмізму». Для гэтага плянуюць выкарыстоўваць патэнцыял «ідэалягічнай работы, гісторыка-культурных, навукова-адукацыйных, інфармацыйных сыстэм і рэсусрсаў дзяржавы, а таксама духоўнаадукацыйнай дзейнасьці».

Для лічбавай бясьпекі і супрацьдзеяньня незаконнаму абарачэньню наркотыкаў узмоцняць абарону інфармацыі ў інфармацыйных сыстэмах і рэсурсах, а таксама маніторынг у інтэрнэце.

Заяўлена пра аптымізацыю вонкавых міграцыйных працэсаў, а таксама ўзмоцнена супрацьдзеяньне незаконнай міграцыі і «далейшае разьвіцьцё сродкаў прафіляктыкі, выяўленьня і спыненьня парушэньняў заканадаўства ў сфэры міграцыі».

Нагляд за выкананьнем гэтай дырэктывы цяпер будуць ажыцьцяўляць органы пракуратуры. Раней гэтыя функцыі выконваў сакратарыят Савету бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прычыны, мэты і магчымыя наступствы дырэктывы Лукашэнкі

Што папярэднічала

Першую рэдакцыю сваёй дырэктывы «Аб захадах па ўмацаваньні грамадзкай бясьпекі і дысцыпліны» Аляксандар Лукашэнка ўхваліў 11 сакавіка 2004 году. Першапачаткова дырэктыва была накіраваная ўмацаваньне працоўнай, выканаўчай і грамадзкай дысцыпліны, а таксама стварэньне бясьпечных умоў працы і зьніжэньня сьмяротнасьці людзей на працы.

Гэтую дырэктыву Лукашэнка падпісаў пасьля двух трагедый, у выніку якіх было шмат ахвяр:

  • у ноч на 12 кастрычніка 2003 годзе ў выніку пажару ў доме-інтэрнаце ў Казлоўшчыне Горадзенскай вобласьці загінуў 31 чалавек. Пажар адбыўся праз невыкананьне правілаў пажарнай бясьпекі,
  • 27 студзеня 2004 году ў Краснапольскай сярэдняй школе № 1 (Магілёўская вобласьць) абрынулася стэля, у выніку чаго загінулі настаўнік і тры вучні.

Першапачатковы варыянт дырэктывы складаўся з 7 пунктаў.

У 2015 годзе дакумэнт павялічылі да 16 пунктаў. Лукашэнка патлумачыў неабходнасьць зьменаў тым, што дырэктыва ператваралася на фармальную і яе трэба было «прызямліць» у рэальнасьць. У другой рэдакцыі адказнасьць за надзвычайныя здарэньні на вытворчасьці пашырылі і на саміх працаўнікоў — у рэдакцыі 2004 году адказнымі былі кіраўнікі прадпрыемстваў.

Цяпер улады Беларусі выкарыстоўваюць «экстрэмізм» для барацьбы з сваімі апанэнтамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У псыхіятрычным дыспансэры ў Смаргонскім раёне адбыўся пажар. Два чалавекі загінулі

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ.

Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На гэты момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».