Цэнтральнае камандаваньне ЗША (CENTCOM) 9 верасьня заявіла, што яго войскі зьнішчылі танкеры «Kaviz», «Charminar», «Horizon 1» і «Riesco» ў Аманскай затоцы каля іранскага вострава Харг.
CENTCOM заявіў, што танкеры былі часткай шматмільярднай іранскай нафтавай сеткі, якая імаверна фінансуе Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) і яго рэгіянальных саюзьнікаў. Экіпажам загадалі пакінуць судны, перш чым яны будуць атакаваныя. Ніхто з амэрыканскіх вайскоўцаў не пацярпеў, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Паводле зьвестак CENTCOM, удары адбыліся пасьля двух няўдалых іранскіх балістычных ракетных нападаў на вайсковы карабель ВМС ЗША. Яны адбыліся праз некалькі дзён пасьля таго, як Злучаныя Штаты заявілі, што зьнішчылі тры іншыя іранскія нафтавыя танкеры пасьля спробаў нападаў на амэрыканскія авіяносец і эсьмінец.
Паводле зьвестак ярданскіх уладаў, Іран уначы адказаў на гэта, выпусьціўшы 20 балістычных ракет у бок Ярданіі. Ярданскія сыстэмы супрацьпаветранай абароны перахапілі 18 зь іх, а дзьве выбухнулі ў бязьлюдных раёнах. Аб ахвярах не паведамлялася.
КВІР таксама заявіў, што атакаваў два амэрыканскія вайсковыя караблі і восем іншых танкераў, надаўшы ім значную шкоду.
КВІР асобна папярэдзіў экіпажы танкераў у партах Кувэйта і Бахрэйна аб эвакуацыі. Гэта павялічыла напружанасьць вакол Армускай пратокі.
Чаму гэта важна
Эскаляцыя ўжо паўплывала на суднаходзтва: дадзеныя Kpler (міжнароднай плятформы, якая адсочвае суднаходзтва ў рэальным часе) паказваюць, што 8 верасьня Армускую пратоку перасеклі толькі шэсьць камэрцыйных суднаў, што значна ніжэй за нядаўні сярэдні паказчык.
На гэтым фоне цана нафты Brent наблізілася да 100 даляраў за барэль.