Тры тысячы порцый дранікаў. Як беларусы зьезьдзілі на Burning Мan у пустэльні ЗША

Беларускі лягер Mara на Burning Man

Тыдзень бяз грошай, па калена ў брудзе, з дранікамі, лазьняй і 90 тысячамі даляраў на падрыхтоўку. Сёлета Burning Мan прайшоў у ЗША ў саракавы раз. Беларускі лягер Mara браў у ім удзел у другі раз. Ягоныя ўдзельнікі падзяліліся з Свабодай уражаньнямі пра падзею.

Тыдзень бяз грошай, па калена ў брудзе, з дранікамі, лазьняй і 90 тысячамі даляраў на падрыхтоўку. Сёлета Burning Мan прайшоў у ЗША ў саракавы раз. Беларускі лягер Mara браў у ім удзел у другі раз. Ягоныя ўдзельнікі падзяліліся з Свабодай уражаньнямі пра падзею.

На дне высахлага старажытнага возера ў штаце Нэвада ў Злучаных штатах Амэрыкі штогод вырастае горад, каб зьнікнуць праз тыдзень або два. Гэта Burning Мan, які пастаянныя ўдзельнікі называюць не фэстывалем, а экспэрымэнтам, падчас якога яны ствараюць супольнасьць, дзе людзі могуць радыкальна праявіць сябе. Усю прастору ствараюць самі ўдзельнікі.

Вялізную тэрыторыю пустыні Блэк-Рок дзеляць на сэктары. У кожным зь іх суполкі аднадумцаў ствараюць свае лягеры — месцы самавыяўленьня ў разнастайнай форме. Падчас кульмінацыі фэстывалю спальваюць вялікую драўляную фігуру чалавека ў цэнтры горада. Гэта і ёсьць Burning Мan — «палаючы чалавек». У падзеі звычайна бяруць удзел дзясяткі тысяч чалавек.

Сёлета Burning Мan прайшоў у саракавы раз. Ён доўжыўся з 30 жніўня па 7 верасьня і сабраў каля 70 тысяч чалавек. Беларускі лягер на ім дзейнічаў ужо ў другі раз, першы раз — летась.

Вялікая пясочніца

Беларуска Ірэна Ралавец прыехала сюды ўпершыню ў складзе беларускага лягеру Mara.

Ірэна Ралавец на Burning Мan

«Гэта вялікая пясочніца, куды дарослыя людзі прыяжджаюць на тыдзень, каб пабыць дзеткамі. І яны могуць рабіць усё, што захочуць, рэалізоўваць любыя свае фантазіі», — апісвае гэтую зьяву Ірэна.


Патлумачыць, што такое Burning Мan тым, хто там ня быў, складана, адразу падкрэсьлівае яна. Усё адбываецца не зусім у пустыні, а на дне высахлага возера, дзе замест пяску — пыл.

«Як бы пустыня, але не пустыня, у якой будуюць горад, але гэта не зусім горад. Па сутнасьці гэта вялікае намётавае мястэчка, дзе людзі жывуць звычайнае жыцьцё, але гэта зусім не звычайнае жыцьцё. Горад напоўнены фарбамі, рознакаляровымі агеньчыкамі, неймавернымі артамі (творамі мастацтва. — РС), музыкай, творчасьцю, адкрытасьцю. Але гэта цяжка супаставіць з нейкім звычайным жыцьцём», — кажа яна.

Азін з арганізатараў беларускага лягера бізнэсовец Валер Астрынскі кажа, што для яго Burning Man — гэта магчымасьць стварыць уласную ўтопію на тыдзень.

Валер Астрынскі на фоне беларускага лягера

«Нейкі свой незвычайны сусьвет, як ты сам яго прыдумваеш. Экспэрымэнт экстрэмальнага самавыяўленьня. Для мяне гэта каштоўна, каб пашырыць свой сьветапогляд. Бачыць шмат незвычайных людзей, шмат артаў. У звычайным жыцьці шмат чаго такога не адчуеш і ня ўбачыш», — характарызуе ён падзею.

Ён пабываў тут ужо ў трэці раз і другі ў якасьці арганізатара беларускага лягеру.

«Мяне вельмі парадавала, што Mara, якую мы прыдумалі летась, зараз спадабалася многім новым нашым удзельнікам», — кажа Валер.

На думку Ірэны Ралавец, людзі, які назіраюць за Burning Мan толькі праз сацыяльныя сеткі, могуць мець няпоўнае ўяўленьне, бо ў інтэрнэт звычайна трапляе толькі прыгожая карцінка з яркімі строямі і незвычайнымі машынамі. За кадрам застаюцца менш прыемныя рэчы. Сёлета ў пустыні пайшоў дождж, і даводзілася перасоўвацца па калена ў брудзе. А падчас пясчанай буры можна было ня ўбачыць уласнага носу. Ірэна прызнаецца, што як раз хацела перажыць у пустыні і дождж, і буру, і была да іх падрыхтаваная.

Ірэна падчас пыльнай буры

«Лякацыя ня самая камфортная для жыцьця. Удзень бывае сонейка, даволі сьпякотнае, бывае пыльная бура. У адзін дзень прайшоў дождж, і ўсе там у лужынах былі. Калі начуеш у намёце і прачынаесься ў лужы, то холадна і ня вельмі зручна. Але надвор’е зьмяняецца. Гэтыя перашкоды таксама дадаюць магчымасьцяў дапамагчы, падтрымаць адно аднаго. Тое, што надвор’е не аднолькавае, а кантраснае, гэта цікава, гэта дадатковая прыгода», — камэнтуе Валер Астрынскі.

Дранікі, лазьня, размовы

Тут кожны дбае пра сябе сам. Гэта адзін з прынцыпаў Burning Man — радыкальнае самазабесьпячэньне. Адказнасьць чалавека, які прыяжджае, — паклапаціцца пра ўсе свае патрэбы. Ірэна Ралавец тлумачыць, што папраць рэчы пасьля дажджу або буры можна толькі, калі хтосьці прывёз з сабой пральную машыну і дастаткова вады. Яна ж брала з сабой столькі рэчаў, каб іх можна было штодня мяняць. Апрануць двойчы адное і тое ж адзеньне было нязручна — у яго набівалася шмат пылу.

Памыцца можна было ў лягерах, якія прапаноўвалі гэта як падарунак. Гэта яшчэ адзін з прынцыпаў Burning Мan — дарыць, а не прадаваць. Большасьць рэчаў тут нельга купіць за грошы. Іх можна толькі атрымаць. Прадаюць у Блэк-Рок толькі лёд і каву. У беларускім лягеры дзейнічала лазьня, якая карысталася папулярнасьцю, расказвае суразмоўца. Многія прыехалі і жылі ў дамах на колах, дзе таксама быў душ. Ірэна начавала ў намёце.

Беларускі дракар Mara

У гэтым горадзе ўсё або амаль, або цалкам бясплатна. Аднак дзеля гэтага ўдзельнікі папярэдне мелі выдаткаваць на падрыхтоўку досыць грошай. Ірэна Ралавец падлічвае, што каб прыляцець на Burning Мan з Эўропы, трэба укласьці 3-5 тысяч даляраў. Валер Астрынскі расказаў, што выдаткі на арганізацыю беларускага лягера складалі каля 90 тысяч даляраў. Частку ўклалі самі арганізатары, частку ахвяравалі мэцэнаты.

Усё, што адбываецца падчас гэтага экспэрымэнту ў пустэльні, ствараюць самі наведвальнікі. Канкрэтнай праграмы няма. Гэта таксама вынікае з прынцыпаў гэтай падзеі.

«Удзельнікі — гэта арганізатары, арганізатары — удзельнікі. Вы проста прыяжджаеце пажыць тут сваё жыцьцё, трошачкі дзіўнае, трошкі па-дзіцячаму наіўнае, і падзяліцца гэтым з іншым. Тут няма імпрэзы, на якую вы запрашаеце. Вы проста жывяце і дзеліцеся», — тлумачыць суразмоўца.

У беларускім лягеры акрамя лазьні частавалі дранікамі. Ірэна расказала, што для іх у пустыню прывезьлі больш за 250 кіляграмаў бульбы і 120 літраў сьмятаны. Прыгатавалі за тыдзень каля трох тысяч порцый. Яна мяркуе, што ў пустэльню прыехала каля 300-500 беларусаў пры агульнай колькасьці каля 70 тысяч удзельнікаў.

Ірэна Ралавец смажыць дранікі

«Людзі зьбіраюцца разам, каб зрабіць нешта для сябе, але таксама зрабіць нешта, што кэмп як супольнасьць, можа падараваць іншым удзельнікам мерапрыемства», — камэнтуе Ірэна.

Арганізоўвалі беларускі кэмп Mara 43 чалавекі, удакладніў Валер Астрынскі. Прычым з папярэдняга складу арганізатараў засталося некалькі чалавек, а большасьць былі новымі.

«Кожны ўкладаў нешта сваё. Хтосьці гэтым займаўся паўгоду, хтосьці некалькі месяцаў, а хтосьці дапамагаў з кэмпам (лягерам. — РС), але ня змог прыехаць. Хтосьці быў ад пачатку яшчэ з мінулага года», — расказвае пра ўдзел арганізатараў Ірэна.

Беларуская сьпявачка Айлар Татарэнка сьпявала ў беларускім лягеры. А ў суботу, калі спальвалі фігуру чалавека, яна выконвала сваю музыку на цэнтральнай плошчы горада. У беларускім лягеры таксама праходзілі музычныя вечары, дзе ўдзельнікі сьпявалі разам і вучылі іншых сьпяваць.

Удзельнікі Burning Man

«У нас атрымаўся вельмі цёплы і шчыры кэмп. Людзям падабалася проста сустракацца, паразмаўляць», — зьвяртае ўвагу на адметнасьць іхняга лягеру Валер Астрынскі.

Ірэна Ралавец адзначае, што горад такі вялікі, што наведаць хаця б адзін яго працэнт было складана.

Burning Man, фота са спадарожніка

«Я хацела паехаць на Burning Man смажыць дранікі, частаваць імі іншых людзей. Адсьвяткаваць свой дзень народзінаў. Таму я дастаткова шмат часу праводзіла ў кэмпе, каб дзяліцца тым, чым магу. Распавядаць пра беларускую культуру», — адзначае суразмоўца.

Ірэна езьдзіла ў іншыя лягеры ўвечары патанцаваць, таксама глядзела на арт-аб’екты.

«Гэта ня нейкая выстава, хто круцей што зробіць. Гэта не гісторыя, як на Эўравізіі, што кожная краіна нешта ад сябе выстаўляе. Burn гэта не пра прэзэнтацыю краіны, як, напрыклад, на Біенале. Гэта пра тое, што людзі жывуць такім жыцьцём цягам гэтага тыдня. Радыкальнае самавыяўленьне і самазабесьпячэньне. Яны прыехалі патусавацца зь людзьмі, якія падзяляюць тыя ж погляды, і падзяліцца з іншымі», — тлумачыць яна.

Арт-аб’ект на Burning Man

Валеру Астрынскаму спадабаўся лягер украінцаў Kurenivka, які атрымаў сваю назву па адным з гістарычных раёнаў Кіева. Там варылі боршч. Спадабаўся і казаскі лягер. Летась яны паставілі адну юрту, сёлета ўжо 11.

«Мы туды адносілі свае дранікі, а яны нас частавалі пловам. Прыемна было, калі беларусы падарункі прыносілі: зэфір, сала самаробнае з чорным хлебам», — успамінае Валер.

Спальваюць чалавека

На цэнтральнай плошчы гораду ставяць драўляную фігуру чалавека — сымбаль гэтага экспэрымэнту ў пустыні. Фігуру сёлета падсьвечвалі ўверсе сінім колерам, а зьнізу зялёным, расказала Ірэна.

«Як валошачка. Я яму нават імя дала. Называла яго Вася, Васіль, Васілёк. І ўсім распавядала, што мы далі мэну імя», — усьміхаецца яна.

Драўляная фігура чалавека ў цэнтры гораду

Будуюць таксама «храм», у які людзі прыносяць свае перажываньні, цыдулкі, фатаздымкі, успаміны пра тых, хто сышоў.

«Гэта не зусім храм. Ён бліжэй да замку. Burning Man гэта не рэлігія. Я каталічка. Мне окей свае перажываньні пакінуць у касьцёле», — кажа ўдзельніца.

Напрыканцы падзеі фігуру чалавека і «храм» спальваюць. Спальваньне сымбалізуе, што ўсё ў гэтым сьвеце часовае, тлумачыць Валер Астрынскі.

«Гэта сымбалізуе фінал гэтага мерапрыемства. Мы гэта пабудавалі, штосьці спалілі, штосьці разабралі. Пакінулі пасьля сябе чыстую пустыню. Налета створацца новыя арты, прыедуць новыя людзі. І зноў гэта можна будзе паўтарыць, але ўжо па-іншаму, зь іншымі людзьмі. Усё ў гэтым сьвеце часова, і ўсе мы тут часовыя госьці», — тлумачыць Валер.

Спальваньне арт-аб’ектаў

Перад фігурай чалавека спалілі і іншыя арт-аб’екты, успамінае Ірэна, у тым ліку, «Тытанік» з дрэва.

«Я да гэтага стаўлюся так: дзеці могуць рабіць усё. У мяне нейкіх асаблівых перажываньняў спаленьне ня выклікала. Ну прыгожа. Я не стаўлюся да гэтага як да рытуалу. Самі зрабілі, самі спалілі. Дзеці ў пясочніцы таксама замак зь пяску зьляпілі, потым разбурылі і новы пабудавалі», — разважае яна.

Пасьля сябе наведнікі пустыні Блэк-Рок прыбіраюць усё і пакідаюць месца такім, якім яно было дагэтуль. Гэта пра яшчэ адзін прынцып падзеі — не пакідаць сьлядоў.

«У мяне шмат розных кулёнчыкаў, якія людзі мне дарылі. Найбольш каштоўнае, што я сабой увязу, — гэта знаёмствы з новымі людзьмі, якіх я тут сустрэў. І цёплыя адносіны, каторыя за гэты тыдзень ці два разам з будоўляй атрымаліся», — кажа Валер.

Навошта

«На Burning Man ня варта ехаць, калі чалавек не разумее, навошта яму туды ехаць. Гэта не мерапрыемства, на якое трэба запрашаць. Калі вы не разумееце, чаму вам туды трэба, то ня трэба», — перакананая Ірэна Ралавец.

На ейную думку, едуць на падзею ў двух выпадках.

«Альбо ён наглядзеўся відосаў і думае, што гэта клясна — прыкладна, як абавязкова пабачыць Вэнэцыю, залезьці на Эйфелеву вежу ў Парыжы, пахадзіць па Тайм-Сквэр ў Нью-Ёрку. Такія людзі з высокай імавернасьцю расчаруюцца, бо тут няма пяцізоркавых гатэляў, няма вулачак, па якіх вы гуляеце і робіце прыгожыя здымачкі», — разважае Ірэна.

Пераасэнсаваньне Эйфелевай вежы ў пустыні

Другі варыянт, калі чалавек едзе з сваіх унутраных патрэбаў, перажываньняў і ведае, навошта гэта яму, дадае яна.

«Пустыня ня месца для жыцьця. Гэта ня месца для выпрабаваньня сябе. Гэта не турыстычная атракцыя. Гэта вельмі кляснае кам’юніці, якое выбірае цягам тыдня жыць у вельмі радыкальных умовах без іншай прычыны, апроч „я так хачу“. І гэтага дастаткова», — кажа Ірэна.

Валер мяркуе, што на Burning Man варта ехаць людзям на жыцьцёвым скрыжаваньні, якія ў нечым не ўпэўненыя і шукаюць адказаў на свае пытаньні.

«Тут здараецца шмат незвычайных інсайтаў, сустрэч. Можа, занадта эзатэрычна я гэта кажу. Але, здаецца, у гэтым ёсьць сэнс. Мы рабілі абмеркаваньні, каму што Burn даў. Шмат людзей казалі, што ехалі сюды з пэрсанальным запытам. І тут на ўсіх гэтых сустрэчах, у размовах... і наогул нейкія нэйронныя сувязі могуць сфармавацца незвычайным чынам у пустыні ноччу, калі глядзіш на нейкі незразумелы табе арт-аб’ект», — кажа пра ўплыў падзеі Валер Астрынскі.

Арт-аб’ект на Burning Man

Ён адзначае, што, імаверна, зробіць перапынак ад Burning Man «гадоў на пяць», бо не адчувае такой патрэбы наведваць падзею штогод. Да таго ж ёсьць іншыя праекты, у якія ён бы хацеў укладацца. Але ён бы хацеў, каб Mara працягвала жыць, каб яе стваралі новыя беларусы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дранікі без мукі, лазьня з украінскімі венікамі. На фэстывалі Burning Man упершыню пачаў працаваць беларускі лягер. ФОТА