Як паведаміла выданьне reform.news, гэтая авіякампанія і яе самалёт знаходзяцца пад санкцыямі ЗША з 2019 году за супрацу з Корпусам вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) у пастаўках зброі.
Паводле сэрвісу flightradar24.com, борт вылецеў з Тэгерану а 1:00 AM UTC і прыбыў у Менск а 6:18 AM UTC.
Да гэтага самалёт прылятаў у Менск 26 жніўня, а на наступны дзень EP-FAB вылецеў зь Менску і пасьля амаль пяцігадзіннага палёту над расейскай тэрыторыяй зноў вярнуўся ў беларускую сталіцу. 28 жніўня самалёт адляцеў у Тэгеран. На манэўры гэтага самалёта, піша выданьне, тады зьвярнулі ўвагу ўкраінскія СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зборка аўтамабіляў, разьлік на нафту і аб’ём гандлю на мяжы статыстычнай хібнасьці. Што зьвязвае Беларусь з ІранамШто вядома пра самалёт
Грузавы Boeing 747-281F(SCD) з бартавым нумарам EP-FAB належыць іранскай грузавой авіякампаніі Qeshm Fars Air.
24 студзеня 2019 году OFAC уключыла ў санкцыйны сьпіс авіякампаніяю і яе два Boeing 747, уключна з EP-FAB.
Паводле Міністэрства фінансаў ЗША, перавозьніка кантраляваў Mahan Air і выконваў грузавыя рэйсы ў інтарэсах падразьдзелу «Кудс» Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, у тым ліку дастаўляў у Сірыю зброю і іншую вайсковую маёмасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларуская дзяржаўная кампанія дапамагала ўкраінскай карпарацыі ў абыход заходніх санкцый гандляваць з ВПК ІрануВайсковая супраца Беларусі і Ірану
- У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся ў Тэгеране зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Яны падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.
- У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў красавіку — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
- У красавіку 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
- У траўні 2024 году беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі — 2024» у Тэгеране. А ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры іранскай амбасадзе.
- У ліпені 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
- У жніўні 2024 году камандуючы вайскова-паветранымі сіламі Беларусі Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану Абдулрагімам Мусаві і камандзірам ВПС Ірану Хамідам Вахэдзі.
- У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.
- У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і абвясьцілі пра намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.