У беларускім разьдзеле інтэрнэт-энцыкляпэдыі «Вікіпедыя» заўважылі спробу цэнзуры: уліковы запіс, падпісаны як «Мінінфарм Беларусі», пачаў хаваць зьмест старонак, якія не падабаюцца ўладам, паказваючы замест іх паведамленьне пра нібыта абмежаваны доступ. Гэта заўважыў беларускі вікіпэдыст Уладзіслаў Чаховіч, які стаў весьці адпаведную нітку ў сваім фэйсбуку.
У прыватнасьці, у няміласьць тым, хто стаіць за гэтым уліковым запісам, трапілі артыкулы «Секс», «Бісексуальнасць», «Парнаграфія», ЛГБТ і «Вясёлкавы сцяг», а таксама тэмы «Аранжавая рэвалюцыя», «Пуцінізм», «Уварванне Расіі ва Украіну», «Пратэсты ў Беларусі» 2017 і 2020–2021 гадоў».
Апынуліся ў сьпісе і артыкулы пра зьніклых апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі — Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага, а таксама пра асобаў, якіх могуць падазраваць у датычнасьці да гэтых зьнікненьняў: Дзьмітрыя Паўлічэнку, Уладзімера Навумава і Юрыя Сівакова.
Уладзіслаў Чаховіч зьвярнуў увагу, што памянёны ўліковы запіс для блякаваньня старонак выкарыстаў адмысловы тэхнічны прыём, які дазваляе замест звычайнага тэксту артыкулу паказваць наведнікам адно і тое ж паведамленьне зь лягатыпамі Міністэрства інфармацыі — зрабіць гэта зь першай спробы нялёгка нават дасьведчанаму рэдактару.
Гэта дазволіла Чаховічу думаць, што такая старонка можа быць сапраўды зьвязанай з афіцыйнымі структурамі. Як высьветліў вікіпэдыст, старонку заснавалі ў Вугоршчыне.
Пазьней гэты ўліковы запіс заблякавалі, а ўсе яго праўкі скасавалі. Ненадоўга — тое самае пачало адбывацца ўжо з новага акаўнту пад назвай «МІБ БЕЛАРУСЬ», сталі прыбірацца некаторыя старонкі, якія маглі не падабацца кіраўніцтву суседняй Расеі. Пад яго дзеяньне трапілі яшчэ артыкулы пра прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, лёзунг «Пуцін — ху*ло!», артыкулы пра такія паняткі, як «дыктатура» і «аўтарытарызм», «БДСМ», «фемдом», «фембой», «трансгендарнасць», «сексуальныя меншасці», «гамафобія».
Стала вядома, што другі ўліковы запіс, які працягнуў дзейнасьць першага, стварылі праз азэрбайджанскую Вікіпэдыю.
Цяпер усе ўнесеныя з гэтых старонак праўкі скасаваныя, аднак ня выключана, што спробы «набегу» на беларускую «Вікіпедыю» паўторацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ці маем мы права замаўчаць, бо баімся перасьледу?». Як Вікіпэдыя і вікіпэдысты сталі ворагамі беларускага рэжымуДуалізм беларускай Вікіпэдыі
Задума Вікіпэдыі — у яе вольным рэдагаваньні ахвочымі. Пазьней утварыўся цэлы пералік нормаў, якіх трэба трымацца пры рэдагаваньні. З таго часу Вікіпэдыя ня раз станавілася полем бітвы гісторыкаў, дасьледнікаў і розных іншых сілаў, але правілы пляцоўкі дазвалялі трымаць працэсы пад адносным кантролем і берагчы перад прафанацыяй. Агулам існуе 298 вэрсій Вікіпэдыі на розных мовах сьвету.
Беларускі разьдзел Вікіпэдыі стварыў вядомы беларускі грамадзкі дзеяч Уладзімер Каткоўскі, аўтар шэрагу іншых нацыянальных праектаў у сеціве. Першы артыкул у ім зьявіўся ў 2004 годзе. Пазьней сэктар падзяліўся на два — паводле двух розных правапісаў, што бытуюць у беларускай мове, клясычнага і «наркомаўкі».
Пасьля заяўкі прыхільнікаў афіцыйнага правапісу ў 2007 годзе разьдзел клясычным правапісам перанесьлі на адрас be-x-old.wikipedia.org, а вызвалены дамэн be.wikipedia.org перадалі разьдзелу на афіцыйным правапісе. Пазьней Вікіпэдыя тарашкевіцай атрымала моўны код be-tarask.
На гэты момант у шэрагу тэмаў дзьве беларускія Вікіпэдыі дапаўняюць адна адну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«З украінцамі канфліктаў пакуль няма, толькі зь літоўцамі». Як беларусы «ваююць» за артыкулы ў ВікіпэдыіПерасьлед беларускіх вікіпэдыстаў
У сакавіку 2022 году стала вядома пра арышты адразу двух беларускіх аўтараў Вікіпэдыі — Паўла Пернікава і Марка Бернштэйна.
Пернікава асудзілі на два гады зьняволеньня паводле артыкулу 369-1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». У артыкул «Сьпіс загінулых падчас акцый пратэсту ў Беларусі (2020–2021)» ён дадаў зьвесткі пра Генадзя Шутава, які быў паранены 11 жніўня 2020-га ў Берасьці, а 19 жніўня памёр у шпіталі Міністэрства абароны.
Бернштэйна паводле артыкулу 342 КК «Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі». Пазьней вікіпэдыста дадалі ў «сьпіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Другая буйная хваля атакі ўладаў на вікіпэдыстаў адбылася ў сакавіку 2025 году. Сьпярша абарвалася сувязь з карыстальнікам Kazimier Lachnovič. Таксама зьнікла адміністратарка Вольга Сітнік, а ейная старонка паказала іншым рэдактарам незвычайную актыўнасьць. Тую хвалю выклікала дзяржаўная прапаганда. У «Советской Белоруссии» выйшаў артыкул аўтарства Людмілы Гладкай, у якім яна заклікала разабрацца зь вікіпэдыстамі.
Спроба кантраляваць беларускую Вікіпэдыю праз наваствораныя акаўнты — новы крок цяперашніх уладаў Беларусі супраць незалежнага ад урадаў рэдагаваньня інфармацыі.