Літва ініцыявала праверкі паходжаньня ўсяго транзытнага збожжа з Расеі і Беларусі

Літоўскі порт Клайпэда. Архіўнае фота

Вільня прапануе суседзям з краін Балтыі таксама правяраць паходжаньне збожжа, якое перавозіцца з Расеі і Беларусі.

Як паведамляе BNS, каб перадухіліць транзыт праз Літву збожжа, магчыма, выкрадзенага на акупаваных тэрыторыях Украіны, міністар сельскай гаспадаркі Літвы Кястуціс Мажэйка даручыў правяраць паходжаньне ўсяго збожжа, якое ўвозіцца ў Літву з Расеі і Беларусі.

Мажэйка раней заяўляў, што Расея можа паспрабаваць экспартаваць украінскае зерне праз парты Латвіі і Літвы.

Міністар афіцыйна зьвярнуўся ў Дзяржаўную харчова-вэтэрынарную службу з просьбай неадкладна пачаць праверку паходжаньня ўсяго транзытнага збожжа з Расеі і Беларусі да порта Клайпеды — ня толькі фуражнага, як раней, але і харчовага, паведаміла міністэрства.

«Адзіная праверка павінна распаўсюджвацца на ўсе партыі збожжа з Расеі і Беларусі, незалежна ад іх прызначэньня. Мы павінны зрабіць усё, каб інфраструктура нашай краіны не выкарыстоўвалася для транзыту скрадзенага ўкраінскага збожжа», — заявіў Мажэйка.

Паводле міністэрства сельскай гаспадаркі Літвы, з траўня мінулага году Літва сумесна з Украінай і Вялікабрытаніяй праводзіць Схему праверкі збожжа (GVS), згодна з якой абавязковыя лябараторныя дасьледаваньні праводзяцца для фуражнага збожжа, якое захоўваецца на мытных складах. Аднак зьмяненьні патокаў, што назіраюцца міністэрствам, паказваюць, што частка грузаў можа перавозіцца па спрошчаных працэдурах прамога транзыту або дэкляравацца як харчовае збожжа, каб пазьбегнуць праверкі.

Міністар заклікае ўмацоўваць супрацоўніцтва харчова-вэтэрынарнай службы і Мытнага дэпартамэнту, каб інфармацыя аб транзытных патоках паступала своечасова для выяўленьня і праверкі рызыкоўных партый да таго, як яны пакінуць тэрыторыю Літвы.

Як паведамляе BNS, на мінулым тыдні харчова-вэтэрынарная служба ўжо ўзяла ўзоры адной партыі збожжа ў порце і праверыць іх паходжаньне ў замежнай лябараторыі. Па словах прадстаўніка службы Айсце Прэлгаўскайце, ёсьць падазрэньні, што краінай паходжаньня можа быць Украіна, а не Расея, як заяўлена ў дакумэнтах — гэта значыць яно магло быць выкрадзена і дастаўлена з Украіны праз Калінінград. Прэлгаўскайце паведаміла BNS, што служба ўзяла ўзоры збожжа з мытнага склада ў Клайпедзе для вызначэньня краіны паходжаньня, яны будуць дасьледаваны ў лябараторыі ў Францыі. Паводле яе слоў, дасьледаваньне можа заняць два-тры тыдні.

Каб перадухіліць транзыт збожжа, патэнцыйна выкрадзенага на акупаваных тэрыторыях Украіны, міністар сельскай гаспадаркі Літвы Кястуціс Мажэйка лічыць неабходным аб’яднаць намаганьні ўсіх краін Балтыі. Вільня прапануе суседзям таксама правяраць паходжаньне збожжа, якое перавозіцца з Расеі і Беларусі. Латвія сьцвярджае, што ўжо пачала такія праверкі.

У канцы верасьня адбудзецца пасяджэньне Рады міністраў Эўрапейскага зьвязу, на якім Літва плянуе абмеркаваць гэтае пытаньне з Латвіяй і Эстоніяй, яна прапануе ім прымяняць сваю мэтодыку.

Чаму гэта важна

Не дапусьціць экспарт Расеяй скрадзенага ва Украіне зерня — гэта патрабаваньне Украіны. Захопнікі не павінны атрымліваць эканамічную выгаду ад акупацыі ўкраінскіх земляў.

Гіпатэтычна, такое зерне можа знаходзіцца ў складзе расейскага зерневага экспарту, які адбываецца праз порты Літвы і Латвіі. Экспарт уласна расейскага збожжа пад санкцыямі не знаходзіцца. З-за таго, што расейскі экспарт праз Чорнае мора фактычна спынены далёкабойнымі ўкраінскімі ўдарамі, расьце нагрузка на расейскія парты на Балтыцы, таксама задзейнічаныя і парты балтыйскіх краін. Як паведамляе расейскае выданьне «Взгляд», праз парты краін Балтыі, па ацэнках Расейскага збожжавага саюза, у гэтым годзе можа быць экспартавана да 10 млн. тон збожжа.

Прэм’ер-міністар Літвы Міндаўгас Сінкявічус заявіў, што інфраструктура Літвы ня будзе выкарыстоўвацца для расейскага збожжавага экспарту. Аднак, як высьветлілася, невялікія аб’ёмы кукурузы прыбылі ў Клайпеду з Калінінграда. Найбольшым транзіцёрам расейскага збожжа выявілася Латвія.

Беларусь таксама можа выкарыстоўвацца Расеяй як краіна-тразыцёр.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У выведцы Літвы адрэагавалі на словы Ціханоўскай: росту ваеннай пагрозы з боку Беларусі ня бачым

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Літве абвясьцілі пагрозай нацыянальнай бясьпецы 22 беларусаў, якія працавалі ў тэхналягічнай сфэры