Беларуская журналістка Іна Кардаш, затрыманая ў Кіеве сёлета ў студзені паводле падазрэньня ў шпіянажы, будзе заставацца ў сьледчым ізалятары сама меней да 11 кастрычніка.
Такое рашэньне ўхваліў Пячэрскі раённы суд Кіева, у які перадалі яе справу пасьля таго, як два іншыя кіеўскія суды — Падольскі і Шаўчэнкаўскі — не змаглі прызначыць судзьдзю для разгляду яе справы. Празь вялікую колькасьць матэрыялаў, пазначаных грыфам «таемна» і не рассакрэчаных у вызначаным заканадаўствам парадку, справу Іны Кардаш можа разглядаць толькі судзьдзя, які мае доступ да сакрэтнай інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Працавала з КДБ празь іншага беларуса і ўжо служыла ў Міністэрстве абароны Ўкраіны. Новыя дэталі справы Іны КардашЯкая прадугледжана працэдура
Першае пасяджэньне прызначылі на 21 верасьня. На ім, як чакаецца, будуць разглядаць абвінаваўчы акт — яго перадалі ў суд у канцы чэрвеня. Прызнаньне акту абгрунтаваным і адпаведным заканадаўству Ўкраіны адкрые шлях для разгляду справу па сутнасьці.
Згодна з працэдурай, вызначанай Крымінальным працэсуальным кодэксам Украіны, на папярэднім этапе, то бок у выніку разгляду абвінаваўчага акту, калі ёсьць падставы, судзьдзя можа нават закрыць справу. Калі абвінаваўчы акт будзе адпавядаць законным патрабаваньням, суд павінен прызначыць дату пачатку разгляду.
Кваліфікацыю злачынства, у якім абвінавачваюць Іну Кардаш, не зьмянілі — ч. 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (перадача або збор іншаземцам з мэтай перадачы іншаземнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі або іх прадстаўнікам зьвестак, якія ёсьць дзяржаўнаю таямніцаю). Ёй пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці або безь яе.
Пакуль што Іну Кардаш абараняе толькі адна адвакатка — Кацярына Юсупава. Яна, як і сама падазраваная, адмаўляецца ад кантактаў з журналістамі па-за межамі судовых пасяджэньняў. У адкрытых для СМІ судовых пасяджэньнях беларуска ўдзельнічала па відэасувязі. Абедзьве кожны раз пры разглядзе хадайніцтва сьледзтва аб працягу трыманьня пад вартай заяўлялі аб неабгрунтаванасьці падазрэньня і адсутнасьці рызыкаў ухіляцца ад сьледзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна можа абмяняць беларуску Кардаш на ўкраінскіх журналістаў, якія знаходзяцца ў расейскім палонеШто вядома пра судзьдзю ў справе Кардаш
Першае пасяджэньне правядзе судзьдзя Алег Салаўёў. У Пячэрскім раённым судзе Кіева, дзе разглядаюцца гучныя палітычныя справы, ён працуе з 2025 году. Да гэтага ён працаваў у Дзясьнянскім раённым судзе Кіева, а перад ім — у Кастрычніцкім раённым судзе Марыюпалю. Пасьля акупацыі горада расейскімі войскамі яго камандзіравалі ў Кіеў.
За невялікі пэрыяд працы ў судах Кіева ён пасьпеў апынуцца ў цэнтры некалькіх скандалаў, зьвязаных з справамі, якія ён разглядаў.
Сярод найбольш гучных — справа супраць народнага дэпутата Фёдара Хрысьценкі (ён прадстаўляў фракцыю адной з партый, што стала пераемніцай Партыі рэгіёнаў. — РС) паводле абвінавачаньня ў дзяржаўнай здрадзе. Яго абвінавацілі ў тым, што ён быў агентам ФСБ Расеі і ствараў мэханізмы ўплыву на кіраўніцтва праваахоўных органаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне абмежавалі паўнамоцтвы двух антыкарупцыйных органаў. Перад гэтым у адным зь іх знайшлі агентаў ФСБСправу цалкам засакрэцілі, а пазьней яе матэрыялы нібыта забрала Служба бясьпекі Ўкраіны «ў межах захадаў бясьпекі». Паводле грамадзкай арганізацыі «Цэнтар супрацьдзеяньня карупцыі», Хрысьценку вызвалілі ў абмен на сьведчаньні супраць дэтэктываў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро. У ліпені 2025 году, улады абмежавалі незалежнасьць антыкарупцыйных органаў, што выклікала ў краіне вялікія пратэсты. У выніку ўлады вымушаныя былі адмовіцца ад сваёй ідэі.
Фонд DEJURE, які быў створаны ва Ўкраіне ў 2016 годзе для спрыяньня разьвіцьцю правасудзьдзя, зьвярнуў увагу на тое, што падчас ягонай працы ў Дзясьнянскім раённым судзе Кіева яму выдзелілі жытло ў Пячэрскім раёне.
«У судовай сыстэме ўжо неаднойчы выкарыстоўвалі выдзяленьне службовых кватэр для „падзякі“ за патрэбныя рашэньні», — адзначылі ў фондзе.
Яшчэ адна грамадзкая антыкарупцыйная арганізацыя зьвярталася ў Вышэйшую раду правасудзьдзя з дысцыплінарнай скаргай на Алега Салаўёва за незаконнае ўтрыманьне пад вартай, пагрозу жыцьця праз ігнараваньне стану здароўя падазраванага і адмову ў доступе да матэрыялаў справы. Скаргу афіцыйна зарэгістравалі яшчэ ў жніўні 2025 году, але дагэтуль яе не разгледзелі і ня вынесьлі канчатковага рашэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон, які аднаўляе незалежнасьць антыкарупцыйных органаўШто папярэднічала
Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
На момант затрыманьня Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Паводле сьледзтва, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсьвядомлена для яе ажыцьцяўляў канфідэнцыйную супрацу з спэцслужбамі Беларусі».
Цяпер Іна Кардаш знаходзіцца ў Кіеўскім СІЗА.
У ліпені ў Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі Свабодзе паведамілі, што Кіеў прапаноўваў і Беларусі, і Расеі абмяняць грамадзянку Беларусі Іну Кардаш.
Кіраўнік сакратарыяту Каардынацыйнага штабу Багдан Ахрыменка падкрэсьліў, што ўкраінская дзяржава адкрытая да абмеркаваньня якіх-хаця спосабаў вяртаньня ўкраінскіх грамадзян, пазбаўленых асабістай свабоды, у тым ліку перадачы Расеі і Беларусі іхных грамадзян, якіх ва Ўкраіне абвінавачваюць у шпіянажы або якія ўжо адбываюць пакараньне паводле адпаведных артыкулаў Крымінальнага кодэксу краіны.
«І расейская ўлада, і ўлада Беларусі паінфармаваныя аб магчымасьці і гатоўнасьці Ўкраіны да такога працэсу. Але не першыя, ні другія не сьпяшаюцца забіраць сваіх «праваленых» агентаў, пра што сьведчыць статыстыка дзяржаўнага праекту «Хачу да сваіх», — адзначыў ён у адказе на афіцыйны запыт Свабоды.
13 жніўня стала вядома, што Ўкраіна можа абмяняць беларуску Кардаш на ўкраінскіх журналістаў, якія знаходзяцца ў расейскім палоне.