У школе № 34 у такую клясу пайшлі пяць дзяцей, у школе № 32 — 11. Агулам па-беларуску будуць вучыцца 16 горадзенскіх першаклясьнікаў, што складае толькі 0,18% ад іх агульнай лічбы.
Беларускамоўную першую клясу зь пяці вучняў адкрылі ў сярэдняй школе № 34 у Кастрычніцкім раёне Горадні. Пра гэта паведаміла «Гродзенская праўда».
Паводле выданьня, бацькі яшчэ могуць падаць заяву, каб іх дзіця далучылася да клясы.
Яшчэ адна кляса зь беларускай мовай навучаньня ўтварылася ў сярэдняй школе № 32 ў Ленінскім раёне. У ёй будуць займацца 11 дзяцей.
У абедзвюх школах беларускія клясы адкрывалі і раней. Напрыклад, у 2025/2026 навучальным годзе школу № 34 скончылі восем дзевяціклясьнікаў, якія вучыліся па-беларуску.
Усе асноўныя прадметы — па-беларуску
У школе № 34 усе асноўныя прадметы, асабліва ў пачатковых клясах, будуць весьці на беларускай мове. Вучняў цалкам забясьпечылі патрэбнымі для такога выкладаньня падручнікамі і дапаможнікамі.
Для некаторых заняткаў невялікую беларускую клясу могуць аб’ядноўваць з паралельнымі клясамі, расейскамоўнымі. Напрыклад, гэта датычыцца фізычнай культуры, для якой патрэбная большая група дзяцей.
Адміністрацыя школы сьцьвярджае, што ўва ўстанове ёсьць пэдагогі, якія могуць выкладаць усе прадметы па-беларуску. Першую клясу будзе весьці настаўніца Алена Серак, якая мае такі досьвед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Першаклясьнікаў у Беларусі за тры гады паменела на 23 тысячыБеларускія клясы скарачаюцца
«Гарадзенская праваабарона» зьвярнула ўвагу н тое, што ў горадзе з насельніцтвам 363 тысячы чалавек у беларускамоўныя першыя клясы пайшлі толькі 16 дзяцей.
Агулам у першыя клясы школаў Горадні сёлета пайшлі больш за 9 тысяч дзяцей. Калі зыходзіць з гэтай лічбы, навучацца па-беларуску будзе менш за 0,18% першаклясьнікаў — прыкладна двое з кожнай тысячы.
Праваабаронцы таксама параўналі такое становішча з 1994 годам. На той момант у Горадні былі 30 школаў, а беларускія клясы працавалі прыкладна ў палове зь іх.
Што з навучаньнем па-беларуску агулам у Беларусі?
У беларускамоўных школах у 2025 годзе вучыліся каля 10 працэнтаў дзяцей (крыху больш за 100 тысяч).