Расея ўдарыла па Днепрапятроўскім раёне пасьля таго, як Украіна абвясьціла рэжым цішыні ў паветры

Наступствы расейскай паветранай атакі, архіўнае фота

Перад візытам спэцпасланьнікаў Трампа Віткафа і Кушнера ў Маскву кіраўніцтва Ўкраіны абвясьціла спыненьне паветраных атак. А вось расейцы працягваюць біць па Ўкраіне.

Расейскія войскі зноў атакавалі Днепрапятроўскую вобласьць Украіны раніцай 5 верасьня, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Ганжа, на яго спасылаецца ўкраінская служба Радыё Свабода.

«Тры чалавекі атрымалі раненьні. Вораг нанёс удар па СТА ў Дняпроўскім раёне», — напісаў ён у сваіх сацыяльных сетках.

Пазьней чыноўнік удакладніў, што ў выніку нападу на СТА адзін чалавек загінуў.

Кіраўнік вобласьці таксама расказаў, што ў Камянскім ратаўнікі выцягнулі з-пад завалаў цела яшчэ аднаго чалавека, які загінуў пасьля начнога ўдару. Такім чынам, лік загінулых павялічыўся да пяці чалавек. Трое зь пяці параненых знаходзяцца ў лякарні.

Раней Ганжа ўдакладніў, што чацьвёра загінулых у выніку ўдару па прадпрыемстве ў Камянскім — гэта сьлесар, электрык, інжынэр-гідраўлік і машыніст, якія працавалі на зьмене.

Таксама стала вядома, што Расея атакавала ўкраінскія лётнішчы ў Кіеве і Барыспалі. Гэта адбылося ўпершыню за доўгі час.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі зноў атакавалі Адэсу і Кіеў, цэлілі па цывільных аб’ектах

Зяленскі пракамэнтаваў удары

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адрэагаваў на новыя расейскія ўдары.

Зяленскі расцаніў гэтыя ўдары як рэакцыю на абмеркаваньне і падрыхтоўку магчымасьці прыбыцьця амэрыканскай дэлегацыі ўва Ўкраіну самалётам і пасадкі ў аэрапортах Кіева або Барыспаля:

«Расейска-іранскія „шахеды“ ў адказ на амэрыканскую дыпляматыю. Мы зафіксавалі гэты расейскі крок і на наступным тыдні адпаведна скарэктуем нашу апэрацыю адносна расейскай паветранай прасторы, якая стала небясьпечнай праз прысутнасьць у небе бесьпілётнікаў і ракет. Вядома, з нашага боку ніякіх пагроз дыпляматыі няма і ня будзе».

Тым часам Галоўнае ўпраўленьне сувязі Ўзброеных Сіл Украіны у камэнтарох некалькім выданьням паведаміла, што Сілы абароны працягваюць выконваць баявыя задачы «ў поўным аб’ёме».

«Рэжым спыненьня агню ня можа быць аднабаковым або асымэтрычным, інакш ён будзе ствараць небясьпеку для жыцьця і здароўя нашых вайскоўцаў. Таму задачы абарончай апэрацыі ў цяперашні час выконваюцца ў поўным аб’ёме», — цытуе камандаваньне рэдакцыя «Суспільне».

Загад Зяленскага прыпыніць паветраныя ўдары

Спэцыяльныя пасланьнікі ЗША Стыў Ўіткаф і Джарэд Кушнэр накіроўваюцца ў Маскву і Кіеў у рамках чарговай спробы Белага дому дамагчыся заканчэньня вайны Расеі супраць Украіны.

Напярэдадні Зяленскі заявіў, што ўкраінскія сілы «забясьпечаць нармальнае функцыянаваньне паветранай прасторы Расеі, каб перамоўнікі маглі бясьпечна туды прыбыць», і запатрабаваў ад Масквы ўзаемнасьці.

«З нашага боку паветраных удараў ня будзе, і Расея таксама павінна ўстрымацца ад паветраных удараў на час, неабходны для правядзеньня гэтых перамоваў».

Напярэдадні візыту расейскія войскі нанесьлі ўдар па штаб-кватэры Службы бясьпекі Ўкраіны — адной з ключавых структураў, якая будзе адказваць за бясьпеку амэрыканскіх пасланьнікаў падчас візыту.

«На жаль, расейскі дрон трапіў у цэнтральны будынак СБУ на Ўладзімерскай вуліцы ў Кіеве, насупраць Сафійскага сабору», — паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі ў Telegram.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Спэцпасланьнікі ЗША прыедуць у Расею і Ўкраіну ўжо на гэтых выходных