Дата дня
5 верасьня 1991 году з ініцыятывы Алеся Бяляцкага над Менскім гарсаветам залунаў бел-чырвона-белы сьцяг — за два тыдні да таго, як стаў дзяржаўным.
«Бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваўся супрацоўнікамі музэю Багдановіча пры правядзеньні ўсіх нашых імпрэзаў: і на сьвяце Багдановіча ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладэчанскага раёну, і пры ўскладаньні кветак і правядзеньні імпрэзаў каля помніка Багдановічу. Сьцяг, прыгожа разгорнуты, стаяў адразу пры ўваходзе ў музэй, у фае.
У той дзень, прадчуваючы, што ён можа быць прыняты і заменіць стары сьцяг савецкай Беларусі, я яго захапіў на сэсію і прынёс разам з дрэўкам. Пакінуў унізе, на ўваходзе ў гарсавет, каля міліцэйскага посту.
Пасьля прыняцьця рашэньня я вобмігам зьбег уніз, да міліцыянтаў, узяў сьцяг і ўнёс пад аплядысмэнты яго ў залю гарсавету. Мы паставілі яго на чале залі, за сьпінаю ў сьпікера. А неўзабаве дэпутаты (сярод іх быў Міраслаў Кобаса) усьцягнулі яго на дах будынка гарсавету», — расказваў Алесь Бяляцкі ў лісьце да журналіста Свабоды Валера Каліноўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Справа Бяляцкага. XXXІV. Наш сьцяг над Менскам«Цікава, што за некалькі дзён да прынятага рашэньня аб узьняцьці нацыянальнага сьцяга над будынкам Гарсавета, наш сьцяг ужо залунаў над ім. Знайшліся сьмелыя людзі, якія яго там умацавалі. Правісеў наш сьцяг каля гадзіны, пакуль заўважылі», — пісала ў кнізе «Беларусь у сэрцы» Галіна Пазьняк.
Відаць, гэтую падзею і пасьпеў зьняць фоталетапісец Уладзімер Кармілкін.
Савецкі і нацыянальны сьцягі над Менскім гарадзкім саветам у жніўні 1991 году. Фота Ўладзімера Кармілкіна. З збору Грамадзкага вэб-архіву «Вытокі»
Гэты дзень у гісторыі
1905 — падпісаньнем Портсмуцкай дамовы скончылася расейска-японская вайна.
1914 — пачалася бітва на Марне паміж Францыяй і Нямеччынай у часе Першай сусьветнай вайны, якая саравала задуму немцаў пра хуткі наступ на Парыж.
1918 — у савецкай Расеі абвешчаны «чырвоны тэрор».
1972 — падчас Мюнхэнскай алімпіяды 8 тэрарыстаў палестынскай арганізацыі «Чорны верасень» напалі на ізраільскую дэлегацыю. Двух ізраільцянаў забілі адразу, дзевяць узялі ў закладнікі. У ноч на 6 верасьня ўсе закладнікі загінулі падчас налесяўдалай апэрацыі нямецкай паліцыі па іх вызваленьні.
1981 — у Гданьску распачаўся I Нацыянальны кангрэс дэлегатаў «Салідарнасьці».
Лех Валэнса выступае на І Нацыянальным кангрэсе «Салідарнасьці», Гданьск, 5 верасьня 1981
2020 — у Менску прайшоў «Жаночы марш».
2022 — Менскі абласны суд вынес прысуды ў справе пра «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады»: Аляксандру Фядуту — 10 гадоў зьняволеньня, Рыгору Кастусёву —10, Юрыю Зянковічу — 11.
У гэты дзень нарадзіліся
1638 — Людовік XIV, кароль Францыі, які займаў пасад 72 гады.
1840 — Зыгмунт Мінейка, кіраўнік паўстаньня 1863-64 у Ашмянскім павеце, інжынэр, вайсковы дзяяч, ганаровы грамадзянін Грэцыі, аўтар успамінаў.
1879 — Іван Пуліхаў, рэвалюцыянэр пачатку ХХ стагодзьдзя, выканаўца замаху на менскага губэрнатара Паўла Курлова.
Іван Пуліхаў
1893 — Язэп Фарботка, паэт, літаратуразнавец, перакладнік, фотамастак, удзельнік беларускага руху.
1901 — Віталь Вольскі, беларускі празаік, драматург, бацька Артура Вольскага і дзед Лявона Вольскага.
Віталь Вольскі
1901 — Арсен Канчэўскі, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.
1917 — Язэп Сажыч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР у 1982–1997 гадах.
Язэп Сажыч на Дні Волі ў Менску, 1993
1946 — Фрэдзі Мэрк’юры, брытанскі рок-музыка, лідэр гурту Queen.
Фрэдзі Мэрк’юры
1964 — Сяргей Лазьніца, украінскі кінарэжысэр беларускага паходжаньня.
Сяргей Лазьніца
1965 — Артур Клінаў, архітэктар, мастак, акцыяніст, дызайнэр, фатограф, літаратар, сцэнарыст, стваральнік і галоўны рэдактар часопіса «pARTisan».
Артур Клінаў, 2019 год
У памяці
1937 — Анатоль Дзяркач, беларускі паэт, сатырык, гумарыст, мэмуарыст.
1992 — Міхал Ляпеха, рабочы, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1960–1980-х.
1992 — Сяргей Хмара, дзяяч беларускага руху і эміграцыі, журналіст, празаік і паэт.
1997 — Маці Тэрэза, гуманітарная дзяячка, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру 1979 году.
Маці Тэрэза
2002 — Артур Вольскі, пісьменьнік і перакладчык, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХI ст., сын пісьменьніка і перакладчыка Віталя Вольскага і бацька музыкі і мастака Лявона Вольскага.
Артур Вольскі з сынам Лявонам, 1966