«Мы ўжо ня постсавецкае грамадзтва». Алесь Бяляцкі выступіў на Нобэлеўскай канфэрэнцыі

Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 2022 году, праваабаронца Алесь Бяляцкі выступіў на Нобэлеўскай канфэрэнцыі ў сэкцыі «Абарона дэмакратыі ва ўмовах росту аўтарытарызму».

Выбралі самыя яркія цытаты зь ягонай прамовы.

Усе аўтарытарныя рэжымы падобныя адзін да аднаго. Я шмат чытаў пра Іран і Вэнэсуэлу і шторазу параўноўваю тамтэйшыя рэжымы з сытуацыяй у нашай краіне. Ёсьць шмат агульнага. Ня толькі дэмакратычныя сілы супрацоўнічаюць паміж сабой — дыктатуры таксама навучыліся супрацоўнічаць.

Мы ўжо ня постсавецкае грамадзтва. Мы — грамадзтва, якое падтрымлівае дэмакратыю. Але ўлады не зьмяніліся.

Ад самага пачатку я ясна разумеў: Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі мне, але я — толькі адзін з сотняў тысяч беларусаў, якія хочуць бачыць Беларусь дэмакратычнай эўрапейскай краінай.

Апошнія гады былі вельмі цяжкімі, але я не шкадую ні пра адзін дзень. Калі мы былі маладыя, калі нам было па 20 гадоў, мы марылі пра свабодную і дэмакратычную Беларусь. Гэтая мара дагэтуль не ажыцьцявілася. Таму ў нас яшчэ ёсьць што рабіць — у Вэнэсуэле, Іране і Беларусі.

Дыктатуры аб’ядноўваюцца, таму ўсе сілы, якія выступаюць за дэмакратыю і правы чалавека, таксама павінны аб’ядноўвацца, бо вы́клікаў у сьвеце становіцца ўсё больш. І гэта ня дробныя выклікі. Яны існуюць у дыктатурах, але яны ёсьць і ў дэмакратычных краінах. Мы бачым вельмі сур’ёзныя праблемы ў эўрапейскіх краінах. Усё гучней заяўляюць пра сябе крайне правыя. Мы бачым усё больш папулістаў.

Цалкам выступ Бяляцкага можна паглядзець на YouTube (пачатак — з 46-й хвіліны).

* Пераклад зроблены з ангельскай мовы трансьляцыі, таму можа крыху адрозьнівацца ад сказанага Бяляцкім у арыгінале.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бяляцкі адрэагаваў на новую справу, заведзеную на яго ў Беларусі: «Буду працягваць гаварыць праўду»

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
  • Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
  • У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).