Упершыню па-беларуску выйшла ўся «Адысэя» Гамэра. Пераклаў Лявон Баршчэўскі

Першы поўны пераклад «Адысэі» Гамэра на беларускую мову

Выйшаў першы поўны пераклад «Адысэі» Гамэра на беларускую мову, створаны знаным перакладнікам Лявонам Баршчэўскім. Апроч перакладу, у кнізе ёсьць камэнтары, якія дапамагаюць зразумець культурны і гістарычны кантэкст твору.

«Адысэя» — адзін з найважнейшых помнікаў сусьветнай літаратуры, гісторыя вяртаньня Адысэя дадому пасьля Траянскай вайны.

У 1920-я гады над перакладам «Адысэі» працавалі Юльян Дрэйзін і Міхайла Грамыка. Але іхны даробак на сёньня страчаны. У 1970-я урыўкі з паэмы пераклаў Анатоль Клышка.

І толькі цяпер паэма загучала па-беларуску цалкам. Што, безумоўна, стала значнай падзеяй, сказала старшыня Беларускага ПЭНу Тацяна Нядбай у камэнтары Свабодзе:

«Перакладаць сусьветныя эпасы на беларускую мову важна, бо так беларуская культура ўступае ў непасрэдны дыялёг з эўрапейскай, сусьветнай культурай. І мова, на якой гучыць Гамэр і Вэрлігій, перастае ўспрымацца толькі як мова побыту або лякальнай літаратуры. Яна паказвае, што здольная перадаваць складаныя вобразы, думкі, рытмы і ўвесь досьвед чалавецтва.

Таксама такія пераклады разьвіваюць беларускую мову, узбагачаюць яе слоўнік і літаратурныя магчымасьці.

Ну, і мы можам чытаць клясыку без пасярэдніцтва іншых моваў.

А „Адысэя“ сёньня асабліва блізкая беларусам. Гэта гісторыя чалавека, які доўга блукае па сьвеце, перажывае выпрабаваньні, але не губляе памяці пра свой дом і імкнецца вярнуцца.

Таму беларускі пераклад „Адысэі“ — гэта ня толькі значная літаратурная падзея, але і вельмі сучасны для нас тэкст пра выгнаньне, вернасьць сваёй зямлі і надзею на вяртаньне».

Да 20 верасьня кнігу можна замовіць па адмысловай цане. Пераклады «Іліяды» Гамэра 2024 году выданьня і «Энэіды» Вэргілія (2025-га) таксама яшчэ даступныя для куплі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад турэмнай літаратуры да навуковай фантастыкі. Якія беларускія кнігі выйшлі ў 2025 годзе