У Варшаве распавялі аб перамовах з Вашынгтонам наконт сталых вайсковых базаў ЗША ў Польшчы

Польска-амэрыканскія вайсковыя манэўры, архіўнае фота

У Польшчу прыляцяць амэрыканскія дыпляматы, каб вырашыць важнае пытаньне ўнутры NATO.

Амэрыканскі бок таксама гатовы хутка завяршыць перамовы, пераконвае віцэ-міністар Павал Залеўскі, піша Польскае радыё. Ён жа і расказаў пра пляны амэрыканцаў даслаць сваю перамоўную дэлегацыю абмеркаваць пытаньне пастаяннай вайсковай прысутнасьці ЗША ў Польшчы.

«Амэрыканцы хочуць пастаянных базаў ня ў межах нейкага дабрачыннага жэсту ў адносінах Польшчы, а таму, што яны лічаць, што маюць у Польшчы настолькі важныя інтарэсы, што хочуць знаходзіцца тут пастаянна», — падкрэсьліў палітык.

Польшча даўно імкнецца павялічыць пастаянную прысутнасьць амэрыканскіх войскаў на сваёй тэрыторыі. У цяперашні час амэрыканскія жаўнеры разьмешчаныя ў Польшчы пераважна на ратацыйнай аснове. Сталая прысутнасьць азначала б разгортваньне пэўных амэрыканскіх падразьдзелаў у Польшчы на працяглы час разам з інфраструктурай і аб’ектамі для вайскоўцаў і іх семʼяў.

Павал Залеўскі размаўляў з Элбрыджам Колбі ў Брусэлі 27 жніўня ў час візыту намесьніка кіраўніка Пэнтагону ў Эўропу з мэтай абмеркаваць «NATO 3.0». Гэта канцэпцыя адміністрацыі Дональда Трампа, згодна зь якой Эўропа павінна ўзяць на сябе большую адказнасьць за канвэнцыйную абарону кантынэнту.

Дзе ёсьць амэрыканскія вайсковыя базы ў Эўропе?

Злучаныя Штаты маюць пастаянную вайсковую прысутнасьць і базы ў 9 краінах Эўразьвязу, у тым ліку асноўных эканоміках кантынэнту — Вялікай Брытаніі, Італіі, Нямеччыне.

Але прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова крытыкаваў малы ўдзел Эўропы ў працы NATO і патрабаваў ад эўрапейскіх хаўрусьнікаў павялічыць вайсковыя выдаткі ў некалькі разоў. Таксама ён узімку пасварыўся з кіраўніцтвам Гішпаніі, якое адмовілася даць дазвол амэрыканскім зьнішчальнікам сесьці ў краіне перад далейшым палётам у бок Ірану.

Кіраўніцтва Польшчы даўно заяўляла пра тое, што перамовы наконт сталых амэрыканскіх базаў адбудуцца, цяпер зьявілася канкрэтыка. Асабліва за павелічэньне амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў краіне выступае прэзыдэнт Караль Наўроцкі.

Зацікаўленасьць польскага кіраўніцтва, а таксама ўладаў балтыйскіх дзяржаў у амэрыканскіх базах тлумачыцца патрэбай павялічыць абароназдольнасьць на тле вайсковых пагрозаў з боку Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча зноў падоўжыла дзеяньне буфэрнай зоны на мяжы зь Беларусьсю


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Гібрыдная вайна ля дзьвярэй NATO: кангрэсмэн Уэсьлі Бэл пра Беларусь, Балтыю, Расею і рашучасьць ЗША