3 верасьня сьпікер літоўскага Сейму Юозас Олекас заявіў, што цудаў адносна сытуацыі ў Беларусі чакаць ня варта, аднак трэба шукаць шляхі, каб перадаць свой сыгнал рэжыму Беларусі, піша агенцтва BNS.
«Глядзіце, мы ня створым тут нейкага цуду, але трэба шукаць той ці іншы шлях, нейкі кантакт. Мы ня можам разысьціся і сказаць, што мы зараз тут нешта зьменім і ўсё наладзіцца, але наша мэта — шукаць магчымасьці, каб мы маглі перадаць свой сыгнал», — сказаў Олекас журналістам у Сейме ў чацьвер.
Паводле кіраўніка парлямэнту Літвы, літоўскія службы ўвесь час падтрымліваюць кантакты зь менскім рэжымам на тэхнічным і вызначаным міністэрскім узроўні, пэрыядычна іх аднаўляючы.
«Нельга саступаць, але трэба шукаць магчымасьці, як паўплываць на тое, каб рашэньні рэжыму зьмяніліся», — дадаў ён.
Ён заявіў гэта пасьля сустрэчы ў Сейме 3 верасьня зь беларускай дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай.
Кіраўнік Сейму Літвы падкрэсьліў, што санкцыі супраць менскага рэжыму трэба не зьмякчаць, а ўзмацняць іх жорсткасьць:
«Мы трымаемся той пазыцыі, што санкцыі павінны быць узмоцненыя, паколькі, як згадала Ціханоўская, у турмах знаходзяцца амаль 900 палітвязьняў, — сказаў Олекас. — Мы выступаем за вызваленьне палітвязьняў, але ня бачым зьменаў, якія дазволілі б аслабіць санкцыі і меркаваць, што гэтае паслабленьне дасьць яшчэ большы эфэкт для дэмакратыі».
Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што вітае намаганьні ЗША ў вызваленьні палітычных зьняволеных, аднак, паводле яе, зараз непрыдатны час для паслабленьня санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
«Нашая пазыцыя такая, што зараз ня час аслабляць якія-небудзь санкцыі. Мы павінны ўзмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі», — сказала яна пасьля сустрэчы ў Сейме Літвы.
З словаў Ціханоўскай, нягледзячы на тое, што пасланьнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл гаварыў пра магчымае новае вызваленьне палітычных зьняволеных у верасьні, санкцыі Эўрапейскага Зьвязу значна больш жорсткія і эфэктыўныя, таму яны павінны заставацца ў сіле для дасягненьня фундамэнтальных зьменаў у Беларусі.
Ціханоўская адзначыла, што Лукашэнка выкарыстоўвае ўзятых у закладнікі людзей у якасьці прадмета гандлю для дасягненьня выгадных для сябе ўмоваў.
«Для Лукашэнкі людзі — гэта разьменныя манэты, і ён хоча прадаць іх як мага даражэй. Аднак мы павінны зрабіць зьмены ў Беларусі незваротнымі, а для гэтага патрэбны пастаянны ціск», — сказала яна.
Літоўскія санкцыі супраць уладаў Беларусі
Літва ўвяла першыя санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе пасьля масавых рэпрэсіяў супраць тысяч пратэстоўцаў, якія патрабавалі скасаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і правесьці выбары сумленна.
Ад 1 лютага 2022 году Літва прыпыніла транзыт беларускіх калійных угнаеньняў. Раней, у 2021 годзе, ЗША ў адказ на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ўвялі санкцыі супраць найбуйнейшага вытворцы калійных угнаеньняў «Беларуськалію».
Праз пэўны час санкцыі ў адносінах да беларускіх угнаеньняў увёў і Эўрапейскі Зьвяз, у лютым 2026 году падоўжыўшы іх яшчэ на год.
Сёлета ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій, а затым зьвярнуліся да Літвы і іншых дзяржаваў рэгіёну з пытаньнем аб магчымасьці аднавіць транзыт беларускіх угнаеньняў.
Віцэ-старшыня камітэту замежных справаў Сейму Літвы Жыгімантас Павілёніс, які ўдзельнічаў у сустрэчы зь Ціханоўскай, прапануе да новых перамоваў аб падаўжэньні эўрапейскіх санкцыяў яшчэ на год наўпрост пагаварыць з калегамі ў ЗША. Паводле яго, з такой прапановай пагадзіліся ўсе — і Ціханоўская, «і левыя, і правыя».
Ціск у пытаньні скасаваньня санкцыяў, паводле Павілёніса, цяпер мякчэйшы, але застаецца, як ён кажа, пагроза таго, што ад іх адмовяцца падчас старшынства Літвы ў Радзе ЭЗ у першай палове 2027 году.
Пра што яшчэ гаварылі ў Сейме Літвы
3 верасьня ў Вільні Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу зь сьпікерам і дэпутатамі Сейму Літвы.
Удзел у сустрэчы таксама ўзялі дэпутаты групы «За дэмакратычную Беларусь» і прадстаўнікі большасьці палітычных партыяў. Зь беларускага боку — дарадцы Ціханоўскай Францішак Вячорка, Дзяніс Кучынскі і Анатоль Лябедзька, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.
Ціханоўская выказала ўдзячнасьць літоўскаму парлямэнту за пасьлядоўную і прынцыповую пазыцыю і падтрымку беларускага народу, а таксама за рашэньні ў галіне заканадаўства, якія не прыраўнялі беларусаў да расейцаў.
Яна заклікала зрабіць Беларусь адным з прыярытэтаў эўрапейскага парадку дня падчас старшынства Літвы ў ЭЗ з 1 студзеня 2027 году.
Бакі абмеркавалі падрыхтоўку да вызваленьняў палітычных зьняволеных. Ціханоўская падзякавала Літве за падтрымку ў пытаньнях лягістыкі і легалізацыі былых вязьняў.
Ціханоўская таксама падняла пытаньні магчымасьці абмену беларускіх правоў кіроўцы без дадатковых экзамэнаў для тых, хто мае гуманітарны дазвол на жыхарства (па прыкладзе Польшчы) і ўвядзеньне іспытаў на беларускай мове; вяртаньня Беларусі ў сьпіс краін, грамадзяне якіх могуць атрымліваць дзяржаўныя стыпэндыі Літвы для навучаньня ў магістратуры, і аднаўленьня гэтай магчымасьці ў наборы на 2027 год.
У Сейме Літвы абмеркавалі арганізацыю курсаў літоўскай мовы для беларусаў, сацыяльныя пытаньні, у тым ліку падтрымку дзяцей з інваліднасьцю, будучыню Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які знаходзіцца пад ціскам уладаў Беларусі.